Мінск 14:43

Польшча прадухіляе 98% спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі — Туск

Фота: канцылярыя прэм'ер-міністра Польшчы

22 сакавіка, Позірк. Польшча дасягнула “98% эфектыўнасці затрыманняў” нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі, заявіў журналістам польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск 22 сакавіка ў рамках сустрэчы з прадстаўнікамі сілавых структур у падраздзяленні Памежнай аховы ў горадзе Крынкі (мяжуе з Бераставіцкім раёнам Гродзенскай вобласці).

“То бок 98 са 100 спробаў незаконнага перасячэння мяжы прадухіляюцца дзякуючы рашучым дзеянням нашых салдат, памежнай службы і паліцыі, — цытуе чыноўніка прэс-служба Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы. — Мы мабілізуем Еўропу, каб [абарона гэтай] мяжы ўспрымалася як агульны абавязак”.

“Як я ўжо казаў, мы атрымалі чарговае пацвярджэнне таго, што як “Шчыт Усход” (польская праграма па ўмацаванні мяжы з Беларуссю і Расіяй. — “Позірк”.), які прадугледжвае вайсковы аспект аховы мяжы, так і абарона ад незаконных перасячэнняў, з’яўляюцца агульным еўрапейскім абавязкам — абавязацельствам НАТО, але ў першую чаргу еўрапейскім”, — сказаў Туск.

Паводле яго слоў, на мяжы з Беларуссю знаходзіцца 11 тыс. вайскоўцаў, памежнікаў і паліцыянтаў.

Міністр нацабароны і віцэ-прэм’ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што непасрэдна на мяжы знаходзіцца каля 5 тыс. салдат, у рэзерве — яшчэ 1 тыс. Агулам для аперацыі па ахове мяжы выдзелена 17 тыс. вайскоўцаў.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

З пачатку 2025 года суседнія дзяржавы ЕС спынілі сама меней 2,5 тыс. спробаў нелегальнага пранікнення з беларускай тэрыторыі, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз аператыўных даных іх памежных службаў. Больш за ўсё зафіксавала Польшча — каля 2,1 тыс.

За 2024 год Літва, Латвія і Польшча прадухілілі 36,3 тыс. спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Падзяліцца: