Мінск 03:46

Ігнацыа Чэфалія стаў апостальскім нунцыем у Беларусі (дапоўнена)

Фота: vaticannews.va

25 сакавіка, Позірк. Апостальскім нунцыем у Беларусі стаў 49-гадовы Ігнацыа Чэфалія, паведаміла прэс-служба Святога Пасаду.

Адпаведны дакумент 25 сакавіка падпісаў папа рымскі Францішак, адначасова надаўшы дыпламату сан арцыбіскупа.

Новы прадстаўнік папы рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 года. Прасвітэрскае пасвячэнне атрымаў 6 жніўня 2003 года. Быў накіраваны ў дыяцэзію П’яна-дэл’і-Альбанэзі. Вывучаў кананічнае права. Дыпламатычную службу пачаў 1 ліпеня 2006 года.

Нёс служэнне ў апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайландзе, сталай місіі пры Савеце Еўропы ў Страсбургу, секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыята Ватыкана і да апошняга часу — у Венесуэле.

Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 года, калі яе пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпламатычным прадстаўніком папы ў Грузіі і Арменіі.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 13 сакавіка папу рымскага Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, выказаў думку, што супрацоўніцтва Мінска і Ватыкана паспяхова развіваецца.

На яго думку, з адкрыццём у 2025 годзе пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе гэтыя адносіны дасягнуць “якасна новага ўзроўню”.

“У нашай краіне цэняць і паважаюць ваш мудры падыход да пытанняў падтрымкі добрасуседства і ўзаемаразумення паміж народамі, накіраванасць духоўных намаганняў на прапаведаванне ідэалаў міласэрнасці і любові да бліжняга, — заявіў Лукашэнка. — Упэўнены, што ваша пастарская дзейнасць і надалей будзе садзейнічаць умацаванню міру і згоды, захаванню хрысціянскіх каштоўнасцяў”.

У снежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025-га.

Дыпламатычныя адносіны паміж беларускай дзяржавай і суверэнным каталіцкім суб’ектам устаноўленыя 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду — апостальская нунцыятура.

Інтарэсы Мінска ў Ватыкане ўвесь гэты час прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпламаты, акрэдытаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах. Доўгі час паслом пры Святым Пасадзе быў Сяргей Алейнік, які сумяшчаў гэтую функцыю ў тым ліку з пасадай намесніка міністра замежных спраў (захоўваў статус пасла як мінімум да прызначэння кіраўніком МЗС у снежні 2022 года; цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі).

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і Касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія пачаліся пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

З пачатку восені 2020 года да 7 сакавіка 2025-га, паводле звестак ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуліся 32 прадстаўнікі Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Разам з тым рэжым Лукашэнкі ўсяляк імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю адносін як з Касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Пытанні “двухбаковага супрацоўніцтва, якія маюць узаемную цікавасць”, 26 лютага гэтага года абмеркавалі ў Жэневе (Швейцарыя) кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў і сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

На сустрэчы з беларускімі рэлігійнымі лідарамі 10 лютага Лукашэнка заявіў пра павагу да папы Францішка, папрасіў перадаць пантыфіку “самыя добрыя пажаданні” і выказаў надзею на сустрэчу з ім.

Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам рымскім Бенедыктам XVI, у маі 2016-га — з Францішкам.

17 снежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасаду не можа прыехаць з-за няпісанага правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія або рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева). Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоды на візіт не даваў.

Падзяліцца: