Мінск 07:56

За суткі ад раней атрыманых апёкаў у бальніцах памерла два чалавекі

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

28 сакавіка, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 27 сакавіка па 6:00 28 сакавіка) у бальніцах ад раней атрыманых апёкаў памерла два чалавекі, сведчыць інфармацыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Магілёўскай бальніцы № 1 памёр пенсіянер (1942 года нараджэння), якога некалькі тыдняў таму шпіталізавалі з вёскі Бугаі (Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці) з апёкамі 1–3 ступені (38% цела).

Раней МНС паведамляў, што гэты 83-гадовы мужчына 8 сакавіка спрабаваў патушыць траву ля свайго дома, але на ім загарэлася адзенне. Відавочцы здарэння збілі полымя з пацярпелага і выклікалі хуткую дапамогу. Мужчыну даставілі ў бальніцу ў цяжкім стане.

Яшчэ адзін памерлы ў медустанове за мінулыя дзяжурныя суткі — мужчына, які абгарэў 18 сакавіка ў вёсцы Будка (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці). Дэталі таго здарэння на прэс-канферэнцыі 26 сакавіка раскрылі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення МНС.

Паводле інфармацыі ратавальнікаў, пенсіянер (1956 г.н.) кінуў непатушаны недапалак каля свайго дома, праз што загарэлася сухая трава. Мужчына паспрабаваў патушыць агонь, але на ім загарэлася адзенне, у выніку чаго ён “атрымаў тэрмічныя апёкі ног”. Суседзі дапамаглі пацярпеламу, патушылі траву і выклікалі хуткую дапамогу.

Ад пачатку 2025 года ў Беларусі адбылося 1.913 пажараў (за аналагічны перыяд 2024-га — 1.377; +38,9%). За гэты час, паводле статыстычных даных міністэрства, агонь забраў жыцці 206 чалавек (153; +34,6%).

Варта адзначыць, што ў зводнай табліцы, якую МНС абнаўляе штодня, часам карэктуюцца звесткі па смяротнасці на пажарах — у бок заніжэння. “Позiрк” ужо некалькі разоў звяртаў на гэта ўвагу.

У Беларусі фіксуецца “сур’ёзная праблематычная сітуацыя” з гібеллю людзей на пажарах, заявіў на прэс-канферэнцыі 4 сакавіка ў Мінску памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях, прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі.

“Вельмі сур’ёзны рост, такі непрыемны рост [колькасці загінулых]”, — сказаў ён.

Асноўная прычына, з якой павялічваецца колькасць пажараў, — неасцярожнае абыходжанне з агнём, у першую чаргу звязанае з паленнем у стане алкагольнага ап’янення, адзначыў прадстаўнік МНС.

“Сёння мы рэалізуем дастаткова дакладны, адрасны, на падставе сур’ёзнага аналізу комплекс прафілактычных мер, — паведаміў Бараноўскі. — І мы бачым партрэт групы рызыкі. Мы ўсе цудоўна ведаем, што пажары ў асноўным адбываюцца ў начны час сутак, ахвярамі агню становяцца людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Гэта людзі сталага веку, якія жывуць самотна, пенсіянеры, інваліды”.

“Сёння на дзяржаўным узроўні, у рамках працы ўсіх зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі (не толькі МНС) <…> робіцца ўсё для таго, каб стабілізаваць гэтую абстаноўку, але разам з тым праблема існуе”, — заявіў ён.

Падзяліцца: