Мінск 09:08

Ціханоўская вітае новыя санкцыі ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

28 сакавіка, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская вітае “новыя санкцыі Еўрасаюза супраць фізічных і юрыдычных асоб, што маюць дачыненне да рэпрэсій [з боку рэжыму Аляксандра] Лукашэнкі, фальсіфікацыі выбараў і падтрымцы вайны Расіі [супраць Украіны]”.

“Тыя, хто нажываецца на дыктатуры і парушае правы чалавека, павінны сутыкнуцца з наступствамі. Беларусы заслугоўваюць справядлівасці”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

27 сакавіка ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да 7 юрыдычных і 25 фізічных асоб з Беларусі.

У санкцыйныя спісы ўключаныя: Цэнтральная выбарчая камісія, ААТ “Інтэграл”, РУП “Беларускія латарэі”, ТАА “Рыдота”, ААТ “Планар”, РВУП “Завод дакладнай электрамеханікі”, а таксама ТАА “Цыбулька-Бел” з аграгарадка Гуды Лідскага раёна (Гродзенская вобласць).

Раней паведамлялася, што ўладальнікам “Цыбулькі-Бел” з’яўляецца дэпутат федэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі “Альтэрнатыва для Германіі” Ёрг Дорнау, які падазраецца ў выкарыстанні працы беларускіх палітвязняў.

Таксама пад санкцыямі з 27 сакавіка знаходзяцца члены ЦВК Аляксей Башан (намеснік старшыні), Алена Балдоўская (сакратар), Дзяніс Дук, Алена Кунцэвіч, Аляксандр Ткачоў, Кацярына Федасенка і Аляксандр Южык.

Абмежаванні ўведзеныя ў дачыненні да старшыні партыі “Белая Русь” Алега Раманава, кіраўніка кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі Юрыя Назарава і яго намеснікаў Мікалая Шкрэда (першы намеснік), Антона Краеўскага і Мікалая Рагашчука.

У санкцыйны пакет уключаны кіраўнікі згаданых вышэй прадпрыемстваў Дзмітрый Швядко (ТАА “Рыдота”), Міхаіл Дзенісенка (РУП “Беларускія латарэі”), Юрый Чорны (РВУП “Завод дакладнай электрамеханікі”).

Санкцыйны спіс папоўнілі суддзі Анастасія Папко (Мінскі гарадскі суд), Алег Каляда (суд Заводскага раёна Мінска), Сяргей Будрэвіч і Жанна Брысіна (суд Кастрычніцкага раёна Мінска), Алена Бушава і Ала Скуратовіч (суд Фрунзенскага раёна Мінска), Андрэй Васілюк (Брэсцкі бскі абласны суд).

Як вынікае з парадкавых нумароў уключаных у спіс асоб, цяпер пад санкцыямі Еўрасаюза знаходзяцца 312 фізічных і 47 юрыдычных беларускіх асоб.

Падзяліцца: