Мінск 18:28

На пажары ў Пастаўскім раёне загінула два чалавекі, следчыя высвятляюць абставіны

Фота: прэс-служба СК

1 красавіка, Позірк. Пажар у прыватным доме ў вёсцы Хрыстова (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) 1 красавіка забраў жыцці двух чалавек, вынікае з інфармацыі прэс-службы Следчага камітэта.

Іх целы знайшлі ратавальнікі падчас тушэння.

“Высветлена, што ў доме пражывалі 89-гадовая жанчына і яе 57-гадовы сын, — паведамляе СК. — Суседзі загінулых патлумачылі, што мужчына паліў у жыллі. Гэта пацвердзілася ў ходзе агляду — ачаг узгарання знойдзены ў яго пакоі. Папярэдняя версія ўзнікнення пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём”.

Па факце гібелі людзей Пастаўскі раённы аддзел СК праводзіць праверку.

Паводле інфармацыі МНС, за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 31 сакавіка па 6:00 1 красавіка) на пажарах загінула 3 чалавекі: у Пастаўскім раёне — 2 (верагодна, гаворка пра згаданы вышэй выпадак), Магілёўскім — 1.

Ад пачатку года ў Беларусі адбылося 1.992 пажары — на 37,3% больш, чым за той жа перыяд 2024-га (1.451). Загінула 215 чалавек (156; +37,8%), траўмавана — 132 (142; -7%).

Падзяліцца: