Мінск 01:41

З ініцыятывы МАРГ спагнана больш за 200 тыс. рублёў штрафаў за цэнавыя парушэнні

1 красавіка, Позірк. У перыяд са студзеня па сакавік 2025 года Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў дачыненні да 1.551 аб’екта, паведаміла прэс-служба ведамства.

З іх у дачыненні да 1.231 аб’екта праверкі праведзены “ў межах кантролю за выкананнем заканадаўства аб гандлі, грамадскім харчаванні і бытавым абслугоўванні насельніцтва, а таксама наяўнасці ў продажы тавараў айчыннай вытворчасці”.

У выніку выяўленых парушэнняў “выдадзена 548 рэкамендацый па ліквідацыі недахопаў, накіравана 119 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці і 9 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі плодаагародніннай прадукцыі з перавышэннем максімальных рознічных цэн”, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 149 асоб, сума накладзеных штрафаў склала больш за 8,5 тыс. рублёў.

У межах кантролю за выкананнем заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні МАРГ выяўлены парушэнні ў 74 суб’ектаў гаспадарання, выдадзена 19 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў і прыменены меры “адміністрацыйнай адказнасці і прафілактычнага характару” ў дачыненні да 122 асоб, агульная сума штрафных санкцый па разгледжаных справах перавысіла 200 тыс. рублёў (у тым ліку па матэрыялах мінулых гадоў).

Паведамляецца, што на мінулым тыдні (24–30 сакавіка. — “Позірк”.) кантралёры МАРГ правялі маніторынг у 26 крамах, падпарадкаваных сельскагаспадарчым прадпрыемствам і мясакамбінатам, у 16 з іх выяўлены парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў. Суб’ектам, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства, выдадзены рэкамендацыі па іх ліквідацыі.

МАРГ таксама правёў маніторынг больш за 50 аптэк “па пытанні выканання суб’ектамі гаспадарання заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні пры фарміраванні і прымяненні рознічных цэн на лекавыя прэпараты”. Выяўлена чатыры факты перавышэння гранічных рознічных цэн на лекі, у дачыненні да гэтых суб’ектаў гаспадарання “праводзіцца падрыхтоўка да пачатку адміністрацыйнага працэсу”.

Адпаведная інфармацыя аб парушэннях “для прыняцця неабходных упраўленчых рашэнняў” накіравана ў профільныя ведамствы.

У 2024 годзе завышэнне гранічных гандлёвых надбавак выяўлена ў 9,3% правераных Камітэтам дзяржаўнага кантролю аб’ектаў, паведаміла ў лютым начальніца ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку, сферы паслуг і за абаротам падакцызных тавараў Камітэта дзяржаўнага кантролю Алена Масурноўская.

Усяго за год, паводле яе слоў, ведамства правяло праверкі і маніторынгі ў 1.412 гандлёвых аб’ектах. Колькасць парушэнняў заканадаўства аб цэнах зніжаецца: у 2023 годзе такія парушэнні былі выяўлены ў 12% правераных крам, а ў 2022-м — у кожнай чацвёртай, адзначыла спікер.

2 сакавіка кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” паведаміў пра планы скарачэння пераліку тавараў са спажывецкага кошыка, цэны на якія рэгулюе дзяржава.

На тэматычнай нарадзе 28 лютага Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сістэмай рэгулявання цэн.

Падзяліцца: