Мінск 15:45

Загінулы ў Брэсцкім раёне падлетак знайшоў міну ў высахлай сажалцы, узрывальнік здэтанаваў у яго ў руках — СК

Фота: прэс-служба СК

6 красавіка, Позірк. Следчы камітэт паведаміў пра асноўную версію гібелі ў Брэсцкім раёне падлетка ў выніку выбуху боепрыпасу.

“Папярэдне ўстаноўлена, што загінулы падлетак раней знайшоў мінамётную міну на тэрыторыі высахлай сажалкі, размешчанай у некалькіх сотнях метраў ад дома. Пасля боепрыпас быў перамешчаны ў двор і разабраны”, — адзначае ведамства.

Паводле звестак СК, “адбылася дэтанацыя ўзрывальніка, які хлопчык трымаў у руках”.

Да правядзення следчых дзеянняў прыцягваўся эксперт-выбухатэхнік цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

“Як мяркуецца, боепрыпас знаходзіўся ў сажалцы з савецкага перыяду альбо часоў ВАВ. Канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля правядзення экспертных даследаванняў”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

Заяўляецца, што пасля выбуху тэрыторыя высахлай сажалкі “старанна агледжана”, “іншых выбухованебяспечных прадметаў не выяўлена”.

Пра гібель вечарам 4 красавіка ў Брэсцкім раёне падлетка Позірк паведамляў раней. Выбух адбыўся на дваровай тэрыторыі ў аграгарадку Страдзеч.

“У зоне паражэння апынуліся мужчына і яго ўнукі (14 і 15 гадоў), — адзначаў СК. — Ад атрыманых траўмаў адзін з падлеткаў памёр. Пенсіянеру і другому дзіцяці экстранна аказваецца медыцынская дапамога”.

У грудзе металалому ў двары дома следчыя выявілі корпус боепрыпасу. Яны канфіскавалі рэчавыя доказы і дапыталі сведак.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў).

Падзяліцца: