Мінск 11:30

МЗС папракнуў у халатнасці польскіх мытнікаў, якія прапусцілі праз мяжу найбуйнейшую партыю выбухоўкі

Фота: ДМК

7 красавіка, Позірк. Міністэрства замежных спраў папракнула ў халатнасці супрацоўнікаў польскай мытні, якія напярэдадні прапусцілі праз мяжу найбуйнейшую ў гісторыі Беларусі партыі выбухоўкі. Гэта вынікае з заявы, апублікаванай 7 красавіка на старонцы ведамства ў “Фэйсбуку”.

“У той час як польскія калегі сканцэнтраваныя на пытаннях кантролю за міграцыйнымі плынямі, дэкларуючы стварэнне “самай абароненай мяжы ў Еўропе”, беларускія спецыялісты працягваюць сістэмную працу па супрацьдзеянні рэальным пагрозам. Прычым, як мы бачым, і за сябе, і за польскі бок”, — адзначаецца ў заяве.

На думку МЗС, дзеянні беларускай мытні — “гэта“лагічны працяг паслядоўнай і адказнай палітыкі Беларусі па забеспячэнні бяспекі агульнасаюзных межаў”.

“Прафесіяналізм і аператыўнасць беларускіх мытных органаў дазволілі не толькі канфіскаваць небяспечныя матэрыялы, але і сарваць патэнцыйныя планы іх прымянення. Прадухіленне траплення гэтых матэрыялаў у рукі зламыснікаў выключыла магчымасць рэалізацыі сцэнарыяў, якія маглі прывесці да масавых ахвяр і разбурэнняў”, — заявіла ведамства.

“Ідучы праз некалькі дзяржаў Усходняй Еўропы, грузавік цудам не стаў бомбай запаволенага дзеяння, пра якую нават не падазравалі жыхары ЕС. Што калі б выпадковая іскра, ДТЗ або ўдар маланкі ператварылі злапомны транзіт у катастрофу?” — падкрэслілі ў МЗС.

7 красавіка неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведаміў пра яго тэлефонную размову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які падзякаваў беларускаму боку “за затрыманне найбуйнейшай партыі асабліва небяспечнага грузу — выбухоўкі”.

Пуцін, як заяўляецца, “папрасіў перадаць падзяку і наколькі магчыма заахвоціць спецыялістаў і экспертаў, якія выявілі і ідэнтыфікавалі небяспечны груз”.

“Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі маючыя адбыцца сустрэчы, у тым ліку ў канцы красавіка ў Валгаградзе, дамовіўшыся пры сустрэчы падрабязна абмеркаваць актуальныя пытанні супрацоўніцтва і абмяняцца думкамі па шырокім спектры тэм у цэлым”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама бакі абмеркавалі “маючыя адбыцца беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2025″ і коратка закранулі сітуацыю ў зоне спецыяльнай ваеннай аперацыі”.

6 красавіка Дзяржаўны мытны камітэт заявіў аб спыненні ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС найбуйнейшай у гісторыі Беларусі партыі выбухоўкі.

“580 кг асабліва магутнага выбуховага рэчыва замежнай вытворчасці (меркавана ЗША) спрабаваў правезці праз беларуска-польскую мяжу і далей транспартаваць у Расію 41-гадовы кіроўца”, — гаварылася ў рэлізе ведамства.

Ён, як удакладнялася, накіроўваўся праз пункт пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль. — Позірк.) “на транспартным сродку Mercedes”: “На падставе сістэмы аналізу рызык мытнікі накіравалі аўто на сканаванне з прымяненнем інспекцыйна-надгляднага комплексу. <…> На сканаграме ўбачылі нехарактэрныя зацямненні ў вобласці падлогі аўтамабіля, а таксама ў сценцы, якая падзяляе грузавы і пасажырскі адсекі”.

Аўтамабіль быў накіраваны на паглыблены дагляд, праведзены частковы дэмантаж падлогі і сценкі аўтамабіля: “Гэтыя месцы аказаліся цалкам напоўнены тоўстым пластом рэчыва светла-шэрага і светла-жоўтага колеру”.

“Меркавана выбуховае рэчыва спрабавалі схаваць, накрыўшы яго вібрашумаізаляцыйнымі лістамі і лістамі ДСП. Для таго, каб на яго не зрэагавалі службовыя сабакі, унутраныя краі кузава апрацавалі тэхнічнай змазкай”, — адзначала ведамства.

Змесціва “вынята з прыцягненнем кампетэнтных спецыялістаў”.

Экспертыза мытнай лабараторыі пацвердзіла, што гэта — “магутнае брызантнае выбуховае рэчыва пентаэрытрытэтранітрат (ТЭН)”.

Кіроўца затрыманы. Яго грамадзянства не называлася. Пазней дзяржСМІ паведамілі, што мужчыну клічуць Яўген Манько.

Брэсцкай мытняй “у дачыненні да грамадзяніна і іншых неўстаноўленых асоб” распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 3331 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь моцнадзейных, атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, зброі масавага паражэння або сродкаў яго дастаўкі, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі).

Санкцыяй артыкула прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Падзяліцца: