Мінск 04:07

10 населеных пунктаў застаюцца без электразабеспячэння

7 красавіка, Позірк. На 21:00 7 красавіка без электразабеспячэння заставаліся 10 населеных пунктаў, паведамляе дзяржаўнае аб’яднанне “Белэнерга”.

Актыўныя работы па ліквідацыі наступстваў непагадзі працягваюць 33 аварыйна-аднаўленчыя брыгады, задзейнічана 31 адзінка тэхнікі, гаворыцца ў паведамленні.

“Энергетыкі робяць усё магчымае, каб у самыя кароткія тэрміны вярнуць электразабеспячэнне ў дамы грамадзян”, — адзначае арганізацыя.

Раней паведамлялася аб аднаўленні электразабеспячэння ва ўсіх пацярпелых ад стыхіі населеных пунктах Віцебскай вобласці.

Па стане на 15:00 электразабеспячэнне не было адноўлена ў 68 населеных пунктах.

Міністэрства энергетыкі паведамляла, што апоўдні 7 красавіка спецыялісты аднаўлялі электразабеспячэнне ў 3 населеных пунктах.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Беларусі істотна пахаладала, быў абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Па краіне прайшлі дажджы і снегапады, быў моцны вецер. Па прагнозах Белгідрамета, халоднае надвор’е захаваецца ў бліжэйшыя дні.

З-за непагадзі электразабеспячэнне было парушана ў больш чым 650 населеных пунктах, паведамляла раней Мінэнерга.

Падзяліцца: