Мінск 05:24

ПАСЕ: Спецтрыбунал па злачынстве агрэсіі ў дачыненні да Украіны павінен распаўсюджвацца на ўлады Беларусі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 10 красавіка 2025 года ў 17:51

Ілюстрацыйнае фота: сацсеткі ПАСЕ

10 красавіка, Позірк. Акрамя Расіі і Паўночнай Карэі юрысдыкцыя спецыяльнага трыбунала ў рамках Савета Еўропы па злачынстве агрэсіі ў дачыненні да Украіны “павінна распаўсюджвацца на меркаваныя злачынствы агрэсіі, здзейсненыя так званым беларускім кіраўніцтвам”, гаворыцца ў рэзалюцыі, якую Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) прыняла 9 красавіка (паводле тэксту папярэдняй версіі).

З дакумента вынікае, што ўзгодненыя тэксты праектаў двухбаковага пагаднення паміж Украінай і СЕ, статута спецтрыбунала, а таксама “пашыранага частковага пагаднення” аб кіраванні спецтрыбуналам прадстаўленыя для “палітычнага разгляду” ва Украіне і ў дзяржавах, якія ўдзельнічаюць стварэнні гэтага судовага органа (Асноўная група, на люты 2025 года ў ёй фігуравала 41 краіна, Еўракамісія, Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і СЕ).

ПАСЕ лічыць, што прадугледжаная Асноўнай групай мадэль трыбунала з удзелам міжнародных суддзяў і прымяненнем міжнароднага права “ўтрымлівае рысы, якія робяць яго дастаткова міжнародным”.

“Стварыўшы такі трыбунал, Савет Еўропы не толькі падтрымае дзяржаву-ўдзельніцу, Украіну, у яе намаганнях па забеспячэнні адказнасці, але і будзе падтрымліваць міжнародны правапарадак, зыходзячы з таго, што імкненне да міру, заснаванага на справядлівасці і міжнароднай супрацы, мае жыццёва важнае значэнне для захавання чалавечага грамадства і яго цывілізацыі, як пазначана ў прэамбуле да яго статуту (ETS № 1)”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

ПАСЕ ў чарговы раз заявіла, што поўнамаштабнае ўварванне 24 лютага 2022 года прадстаўляе сабой “працяг агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, якая пачалася 20 лютага 2014 года”.

Парламенцкая асамблея выказала “поўную падтрымку ўсім існым механізмам прыцягнення да адказнасці, якія ліквідуюць наступствы агрэсіі, у тым ліку органам пракуратуры і суда Украіны ды іншых краін, Міжнароднаму крымінальнаму суду”.

Акрамя таго, яна “вітае прыхільнасць ЗША да мірных перамоваў” і лічыць, што любыя перамовы павінны “безумоўна ўлічваць гуманітарны аспект вайны, у тым ліку вызваленне грамадзянскіх асоб, якіх незаконна ўтрымлівае РФ, і ўзаемны абмен і рэпатрыяцыю ўсіх ваеннапалонных паводле формулы “ўсіх на ўсіх”, а таксама <…> гарантаванне бяспечнага вяртання і рэінтэграцыі дзяцей, незаконна дэпартаваных у РФ і Беларусь або гвалтоўна перамешчаных на часова акупаваныя РФ украінскія тэрыторыі”.

Асамблея падкрэсліла, што любыя магчымыя мірныя перамовы не павінны ставіць пад пагрозу абавязацельства прыцягнуць да адказнасці Расію і тых, хто нясе адказнасць за яе злачынствы і парушэнні міжнароднага права.

ПАСЕ заклікала ўсе дзяржавы і міжнародных партнёраў дамагацца стварэння спецтрыбунала незалежна ад ходу мірных перамоваў.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік забяспечыць прыцягненне Масквы і Мінска да адказнасці “за сістэматычнае прымяненне катаванняў і іншых форм жорсткага абыходжання, пад якія падпадалі і падпадаюць украінскія ваеннапалонныя, украінскія грамадзянскія асобы і палітычныя зняволеныя ў РФ і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама палітвязні ў Беларусі, шляхам выкарыстання механізму ўрэгулявання спрэчак, прадугледжанага ў артыкуле 30.1 Канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або тых, што прыніжаюць годнасць, відаў абыходжання і пакарання”.

Сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і Расіі “застаецца вельмі трывожнай”, канстатавала генеральны дакладчык ПАСЕ па палітвязнях у Еўропе Азадэ Райхан у інфармацыйнай запісцы, падрыхтаванай да вясновай сесіі асамблеі (7–11 красавіка).

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які выступіў 7 красавіка на пасяджэнні Камітэта ПАСЕ па прававых пытаннях і правах чалавека ў якасці члена дэлегацыі Каардынацыйнай рады, падтрымаў Райхан і “адзначыў важнасць прыцягнення ўвагі міжнароднай супольнасці да пытанняў палітвязняў у Беларусі і масавага палітычна матываванага пераследу беларусаў з боку рэжыму Лукашэнкі”.

Палітык падкрэсліў “беспрэцэдэнтны за апошнія дзесяцігоддзі для Еўропы ўзровень рэпрэсій у Беларусі”.

Падзяліцца: