Мінск 05:33

Сусветная гандлёвая вайна можа абмежаваць магчымасці Крамля ў субсідаванні эканомікі Беларусі — Аляхновіч

Відэа: тэлеграм-канал Ціханоўскай / Стоп-кадр: "Позірк"

11 красавіка, Позірк. Новыя мытныя пошліны ЗША могуць запусціць гандлёвую вайну глабальнага маштабу, якая будзе мець наступствы для Беларусі і людзей унутры краіны, такое меркаванне выказаў 11 красавіка Алесь Аляхновіч, дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах (на падставе відэакаментарыю ў тэлеграм-канале палітыка).

Эксперт адзначыў, што ў кароткатэрміновай перспектыве падвышэнне пошлін ЗША ўдарыць па эканоміках, але потым тыя пачнуць прыстасоўвацца. Напрыклад, “фірмы перанакіруюць гандлёвыя плыні сваіх тавараў, нацыянальныя банкі панізяць працэнтныя стаўкі, сусветныя цэны на энергію ўпадуць, частка краін вырашыць стымуляваць унутраны попыт”, а самі мытныя стаўкі “могуць змяняцца”. Усе гэтыя змены, упэўнены Аляхновіч, будуць мець “адчувальны ўплыў” на эканоміку Беларусі.

Кажучы пра “найбольш хуткія і адчувальныя наступствы для беларусаў”, эканаміст канстатаваў, што “ў выніку непрадказальных паводзін новых уладаў ЗША істотна вырасла верагоднасць рэцэсіі ў Амерыцы і запаволення эканамічнага росту ў яе асноўных гандлёвых партнёраў”.

“Гандлёвая вайна разглядаецца як негатыўны шок для сусветнага попыту, — падкрэсліў ён. — Менш гандлю азначае менш транспарту і менш патрэбы ў розных відах паліва. Цягам некалькіх дзён кошт барэля нафты маркі Brent скараціўся на 16%. Для Беларусі гэта негатыўная інфармацыя, яна азначае скарачэнне даходаў ад перапрацоўкі расійскай нафты. А ў доўгай перспектыве, калі цана нафты застанецца на нізкім узроўні, гэта можа абмежаваць магчымасці Крамля ў субсідаванні беларускай эканомікі”.

Паводле слоў Аляхновіча, гэта “тычыцца буйных інвестыцый”, напрыклад “пабудовы другой АЭС”, а таксама крэдытаў на праекты па імпартазамяшчэнні і рэфінансаванні дзяржаўнага доўга.

Дзейнасць новай адміністрацыі Белага дома, на думку эксперта, “можа прывесці да поўнамаштабнай гандлёвай вайны”, што паўплывае на беларускую эканоміку ў доўгатэрміновай перспектыве.

“Найбольшая рызыка сёння ў тым, што можа ўзнікнуць спіраль новых мытаў і гандлёвых абмежаванняў ва ўсім свеце, — патлумачыў ён. — Беларусь як частка сусветнай эканомікі будзе адчуваць гэты ўплыў як праз зніжэнне экспарту ў краіны, якія будуць зазнаваць гандлёвыя абмежаванні, так і праз паніжэнне коштаў на тавары, якія Беларусь экспартуе, напрыклад, калійныя і азотныя ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання, металургіі і дрэваапрацоўкі”.

Паводле словаў дарадцы Ціханоўскай, свет ужо працяглы час “рухаецца ў бок дэглабалізацыі і ўзмацнення рэгіянальных блокаў”, і новая гандлёвая вайна толькі паскорыла гэтыя працэсы.

“У выніку палітычных рэпрэсій пасля 2020 года і ўдзелу ў поўнамаштабнай вайне на баку Расіі Лукашэнка ўжо ізаляваў Беларусь ад многіх дэмакратычных краін. Новая міжнародная рэчаіснасць яшчэ больш прывязвае Беларусь да Расіі на геапалітычнай мапе свету. У доўгатэрміновай перспектыве, нават калі ў Беларусі пачнецца транзіт [улады], можа здарыцца так, што Беларусь застанецца на працяглы час у выключна расійскай сферы ўплыву. Гэта можа быць найбольш важным уплывам рашэнняў, якія сёння прымаюцца ў Вашынгтоне”, — адзначыў Аляхновіч.

2 красавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які ўвёў пошліны на імпарт больш як з 180 краін свету. У іх ліку практычна ўсе дзяржавы былога СССР — за выключэннем Беларусі і Расіі.

Тыднем пазней Трамп абвясціў 90-дзённы перыяд для правядзення двухбаковых перамоў, падчас якога будзе дзейнічаць 10-працэнтная стаўка пошлін для ўсіх краін, акрамя Кітаю (для Пекіна яна ўзрасла да 145%, з першапачатковая пошліна — 20%, дадатковы тарыф — 125%). Кітай у адказ усталяваў 125-працэнтную пошліну для амеріканскіх тавараў.

Падзяліцца: