Мінск 04:53

У суд накіраваная справа меркаванага “чорнага капальніка” з Мінска, абвінавачанні звязаныя са зброяй

Ілюстрацыйнае фота: Evgeniy Kozlov / unsplash.com

15 красавіка, Позірк. Пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў Мінскі абласны суд крымінальную справу 61-гадовага жыхара сталіцы, які абвінавачваецца паводле ч. 2 і 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Сцвярджаецца, што мужчына са студзеня 2004 года па жнівень 2024-га з дапамогай магніта і металашукальніка шукаў і здабываў з зямлі розныя прадметы на тэрыторыі шэрагу раёнаў Мінскай і Гомельскай абласцей, то бок, як мяркуецца, займаўся “чорным капальніцтвам”.

Знойдзеныя прадметы ён захоўваў у сваім гаражы і гаспадарчай пабудове ў Пухавіцкім раёне. Пра якія канкрэтна прадметы ідзе гаворка, пракуратура не паведамляе.

Акрамя таго, са студзеня 2004 года па чэрвень 2015-га мужчына, як сцвярджаецца, “незаконна набыў у Мінску прыдатныя для выкарыстання для мэтавага прызначэння складныя часткі агнястрэльнай зброі”.

25 траўня 2024 года ён, паводле інфармацыі ведамства, “незаконна збыў свайму знаёмаму, які не меў дазволу на права захоўвання і нашэння зброі, прыдатны для выбуху бяздымны порах прамысловага вырабу агульнай масай больш як 350 грам, які адносіцца да катэгорыі кідальных выбуховых рэчываў”.

У лютым дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ў Беларусі распрацоўваюцца прапановы па абмежаванні выкарыстання металадэтэктараў.

Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза на сустрэчы з журналістамі 6 лютага выказаў меркаванне, што разрабаванне археалагічных аб’ектаў і нелегальны продаж знойдзеных артэфактаў “нясуць пагрозу гуманітарнай бяспецы і нацыянальным інтарэсам дзяржавы”.

13 жніўня 2024 года Лакіза заклікаў перагледзець формы ўзаемадзеяння з людзьмі, якія ў прыватным парадку займаюцца пошукам археалагічных артэфактаў і “чорным капальніцтвам”.

У снежні 2015 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў комплекс мер, скіраваны на стварэнне дадатковых умоў для захавання культурнай спадчыны краіны, а таксама прадухіленне дзейнасці “чорных капальнікаў”.

Дакументам прадугледжана перадача археалагічных артэфактаў, выяўленых пры правядзенні археалагічных даследаванняў або выпадкова, у дзяржаўную ўласнасць.

“Чорнымі капальнікамі” называюць людзей, якія займаюцца нелегальным пошукам гістарычных артэфактаў без афіцыйнага дазволу.

Падзяліцца: