Мінск 02:04

Хрысціяне ўсіх канфесій святкуюць Вялікдзень

Ілюстрацыйнае фота: Maria Sime / unsplash.com

20 красавіка, Позірк. Хрысціяне ўсіх канфесій 20 красавіка 2025 года адзначаюць найстаражытнае і найважнейшае свята — Уваскрэсенне Хрыстова, або Вялікдзень.

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў велікодным пасланні адзначыў, што словы “Не бойцеся! Хрыстус ужо ўваскрос, Пан мой і мая надзея”, якія гучаць ізноў, павінны “ўмацоўваць веру, што сярод зменлівасці і хаосу сучаснага свету ў розных выпрабаваннях і цярпеннях надалей крыніцай любові і сілы нязменна з’яўляецца ўваскрослы Пан — пераможца смерці, пекла і сатаны”.

“Уваскрослы Езус загадвае сваім вучням ісці ў Галілею — месца, дзе падчас паўсядзённых справаў яны сустрэліся з ім, настаўнікам з Назарэта, і пайшлі за ім, — адзначыў каталіцкі іерарх. — Няхай жа і наша сустрэча з жывым Збаўцам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце, дапаможа ў Галілеі нашай штодзённасці знайсці мэту і сэнс жыцця, а таксама ўмацуе надзею на канчатковую перамогу дабра над злом, любові над нянавісцю і жыцця над смерцю”.

У сваю чаргу кіраўнік Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін заклікаў не губляць “духоўную радасць” і пачуццё “паўнаты і асэнсаванасці” жыцця, якія прыходзяць у дні святкавання Вялікадня.

“Паслушэнства ў Госпадзе свяшчэннаслужыцеляў і манахаў свайму свяшчэннаначаллю, малодшых — старэйшым, падначаленых — начальнікам, дзяцей — бацькам, нясенне нягод, немачаў адзін аднаго — усё гэта, несумненна, стварае гармонію не толькі ў грамадскім і паўсядзённым, але і ў духоўным жыцці. Але асабліва збавіцельна паслушэнства хрысціяніна царкве”, — заявіў праваслаўны іерарх.

Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сергіюш (Сяргей) Гаек падкрэсліў, што “Уваскрэсенне Хрыста — гэта перамога святла і праўды”. “Сёлета мы ў Беларусі святкуем Пасху разам — хрысціяне розных традыцый, розных канфесій. Гэта вялікі дар, <…> каб мы ў святле Хрыстова, у святле яго Уваскрэсення сёння маглі разам працаваць для дабра хрысціянскіх цэркваў, нашага грамадства, адкрывалі ў іншым чалавеку сапраўднага брата і сястру”, — заявіў кіраўнік грэка-каталіцкай супольнасці краіны.

Савет біскупаў Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай у віншаванні адзначыў, што Вялікдзень — гэта “не проста гістарычная падзея”, а “падмурак веры”, “крыніца надзеі” і “прычына радасці”. “Давайце ж жыць годна нашаму званню і абранню, несці вестку пра Хрыстовую перамогу свету, што гіне, памятаць, што нашае жыхарства — на нябёсах, і нашае жыццё ўтоена з Хрыстом у Богу. Свята Вялікадня — гэта магчымасць зноў і зноў сведчыць “блізкім і далёкім” пра вялікі цуд збаўлення і бясконцую Божую ласку”, — гаворыцца ў пасланні.

Паводле інфармацыі апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, “вядучае месца ў рэлігійным жыцці краіны” займае БПЦ. Праваслаўная царква налічвае 15 епархій, якія аб’ядноўваюць 1.737 прыходаў. Адкрыта 1.878 праваслаўных храмаў, яшчэ 147 будуецца.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі, у якіх налічваецца 500 парафій. У краіне 523 каталіцкія храмы, будуецца яшчэ 27.

У Беларускай грэка-каталіцкай царквы 16 супольнасцяў і чатыры культавыя будынкі.

У краіне зарэгістравана 1.038 рэлігійных супольнасцяў трынаццаці пратэстанцкіх кірункаў.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, што ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, у выніку чаго рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў кантроль за рэлігійнай сферай.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

З пачатку восені 2020 года па 11 красавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 88 хрысціянскіх служыцеляў: каталіцкага касцёла — 33, евангельскіх цэркваў — 30, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Падзяліцца: