Мінск 06:31

Беларуская група кампаній “Ізавак” за час вайны паставіла расійскаму ВПК прадукцыі на 200 млн долараў — расследаванне БРЦ

Харкаў пасля чарговай атакі расійскіх войскаў
Фота: kh.dsns.gov.ua

24 красавіка, Позірк. Сярод заказчыкаў беларускай групы кампаній “Ізавак” выяўленыя прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу Расіі — толькі з пачатку вайны ва Украіне ім было пастаўлена прадукцыі на суму каля 200 млн долараў, гаворыцца ў новым дакладзе Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

Адзначаецца, што “Ізавак” займаецца вакуумнымі тэхналогіямі, а яе кліентамі ў свой час былі Apple, Tesla, Samsung, LG, Sharp і іншыя сусветныя брэнды.

Цяпер групай валодаюць трое: Уладзімір Шырыпаў, Мікалай Ляўчук і Сяргей Марышаў.

Адной з кампаній групы з’яўляецца “Ізатэк-М“. Яе задача, піша БРЦ, — “механічная апрацоўка і выраб аптычных элементаў”.

“У снежні 2023 года “Ізатэк-М“ прадала расійскай кампаніі ТАА “НМ-Тэх”, хто ўжывае ўстаноўку плазменнага тручэння амерыканскай гандлёвай маркі Applied Materials… Такое абсталяванне выкарыстоўваецца для вырабу мікрачыпаў. Гэта важны і дэфіцытны для Расіі кампанент вайсковай тэхнікі“, — адзначаюць расследавальніці, падкрэсліваючы, што пастаўкі такой тэхнікі ў Расію “забароненыя правіламі экспартнага кантролю ЗША“.

“НМ-Тэх” трапіў пад санкцыі ЗША і ЕС на пачатку поўнамаштабнай вайны. У студзені 2024-га да сваіх шматлікіх відаў дзейнасці кампанія дадала новы — вытворчасць зброі і боепрыпасаў.

“З лістапада 2022-га да снежня 2023 года “Ізатэк-М“, як мяркуецца, паставіла “НМ-Тэху“ тавараў на суму блізу 6 млн долараў“, — паведамляе БРЦ, спасылаючыся на звесткі крыніцы ў галіне.

Прамежкавым звяном у пагадненні паміж “НМ-Тэх“ і “Ізатэк-М“ БРЦ называе расійскую кампанію “Інжынірынг Груп“, якая ў першыя два гады вайны, як мяркуецца, атрымала ад “НМ-Тэх” больш за 100 млн долараў.

“Гэтая фірма не толькі дапамагала “НМ-Тэх“ наладзіць вытворчасць чыпаў і мікрасхем, але і навучала супрацоўнікаў працаваць на пастаўленым абсталяванні <…> За тры гады поўнамаштабнай вайны “Інжынірынг груп“ атрымаў ад прадпрыемстваў, звязаных з расейскім ВПК, больш за 180 млн долараў”, — гаворыцца ў дакладзе.

Уладальнік кампаніі з красавіка 2022 года — беларус Сяргей Яновіч. Паводле звестак “Кіберпартызан“, па сумяшчальніцтве ён быў супрацоўнікам “Ізавака” як мінімум да 2024 года. “Да чэрвеня 2023-га “Інжынірынг груп” называлася “Ізавак Інжынірынг”. На яе сайце гаварылася, што фірма з’яўляецца афіцыйным прадстаўніцтвам “Ізавака” ў Расіі, а дырэктар расійскай кампаніі выкарыстоўваў пошту на дамене izovac.com як мінімум да 2024 года“.

БРЦ высветліў, што “Ізавак” супрацоўнічаў з расійскімі абароннымі прадпрыемствамі яшчэ да першага ўварвання РФ ва Украіну.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны “выручка кампаніі “Ізавак” падвойвалася кожны год: у 2021 годзе — 13 млн беларускіх рублёў (5,1 млн долараў), у 2022-м — 27 млн (10,3 млн), у 2023-м — 53 млн (17,7 млн). У 2024-м выручка вырасла на 36% — да 72 млн (22,2 млн)“.

Паводле здагадак БРЦ, пяць кампаній групы “Ізавак“ з моманту пачатку вайны атрымалі каля 200 млн долараў ад прадпрыемстваў, якія працуюць на расійскую ваенную прамысловасць. Гэта вынікае з падліку БРЦ, заснаванага на даных беларускіх экспартных паставак і грашовых перакладаў расійскіх кампаній“.

Пры гэтым кампаніі, якія маюць як мінімум ускосныя сувязі з “Ізавакам“, працягваюць зарабляць і ў Еўрасаюзе.

Падзяліцца: