Мінск 22:18

Беларусы, што з’ехалі, не дапамогуць вырашыць праблему недахопу кадраў, заяўляе Лукашэнка

25 красавіка, Позірк. Беларусы, што з’ехалі за мяжу, не дапамогуць вырашыць праблему недахопу кадраў, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Чарговы раз назваўшы “збеглымі” грамадзян, якія былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіўную палітыку афіцыйнага Мінска, Лукашэнка абвінаваціў іх у тым, што яны “нагнятаюць тэму мігрантаў” у Беларусі.

“Яны ж нам ужо не дапамогуць, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Яны што, пойдуць да [старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана] Крупко працаваць у сельскую гаспадарку? Ды не, яны там [за мяжой] стогнуць. Ім прапанавалі посуд мыць, [яны ў адказ:] “Посуд мыць не можам… Гэта не хочам рабіць, вуліцу не хочам падмятаць”. Дык а што табе дадуць? Кіраваць Польшчай дадуць? Не, Польшчай кіраваць — маюцца палякі. Яны ў гэтым плане людзі. Таму чаго палезлі туды? Разумнейшымі трэба быць — на сваёй зямлі жыць і працаваць”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле слоў спікера, вырашыць праблему недахопу працоўных рэсурсаў, акрамя як прыцягненнем у краіну мігрантаў, можна шляхам падвышэння прадукцыйнасці працы і павелічэння нараджальнасці.

“Трэба працаваць тады за траіх, хаця б за дваіх”, у такім выпадку ў бліжэйшыя 10–15 гадоў “наогул не давядзецца казаць пра дэфіцыт працоўных рэсурсаў”, сцвярджае Лукашэнка. З гэтай жа мэтай, заявіў ён, “трэба нараджаць трое, чацвёра, а лепш пяцёра” дзяцей.

“Нараджаць не хочам і працуем з прахалодцай. А развівацца хочам, заробак хочам, каб краіна квітнела і была незалежнай. Так усё з эканомікі. А без працоўных рэсурсаў нічога не будзе”, — заявіў ён.

У 2025 годзе і бліжэйшыя 10 гадоў тэндэнцыі недахопу персаналу на рынку працы ў цэлым будуць захоўвацца, заявіла 19 лютага дырэктар сэрвісу па пошуку працы і персаналу “HeadHunter Беларусь” Святлана Шапарава ў праграме “Актуальнае інтэрв’ю” на тэлеканале “Першы інфармацыйны”.

У траўні 2024 года намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч выказала меркаванне, што на фоне дэфіцыту кадраў у Беларусі на першым месцы па актуальнасці павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне грамадзян, якія мігравалі”.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзеяў жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тыс.

У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася пра тое, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.

Падзяліцца: