Мінск 19:08

Ціханоўская пра чарнобыльскую трагедыю: Калі б такое здарылася сёння, людзі таксама не пазналі б усёй праўды

Фота: "Позірк"

26 красавіка, Позірк. Памяць аб ахвярах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася роўна 39 гадоў таму, ушанавала 26 красавіка ў Вільнюсе беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Разам з замежнымі дыпламатамі палітык усклала кветкі да помніка “Маці Чарнобыля” ў парку Сапегаў.

Захоўваць памяць аб чарнобыльскай трагедыі, адзначыла Ціханоўская ў каментары “Позірку“, трэба, каб не згубілася памяць “аб усіх тых ахвярах, якія людзі прынеслі пасля катастрофы, і рабіць усё магчымае, каб такое не паўтарылася”.

“Мы бачым, што цяпер наша дзяржава гэтак жа, як і [СССР] у тыя гады, не даносіць інфармацыю да людзей, што прапаганда працуе супраць беларусаў. Калі б нешта такое здарылася сёння, думаю, людзі таксама не пазналі б усёй праўды”, — заявіла палітык.

На думку дэмлідара, казаць аб магчымасці адраджэння забруджаных радыенуклідамі зямель павінны ў першую чаргу спецыялісты. У той жа час, мяркуе яна, калі тэрыторыі забруджаныя (“а я ўпэўненая, што яны дагэтуль забруджаныя“), то яны “павінны стаць негалосным мемарыялам таму, што здарылася“.

“Не [трэба] накіроўваць туды людзей, каб яны адраджалі гэтыя тэрыторыі, калі гэта ў будучыні паўплывае на іх здароўе. Такой ахвярнасці і самаахвярнасці не павінна быць“, — перакананая Ціханоўская.

На сустрэчы з чыноўнікамі напярэдадні чарговай гадавіны трагедыі Аляксандр Лукашэнка даручыў “сур’ёзна прааналізаваць пытанні аднясення тэрыторый да катэгорыі пацярпелых або забруджаных“ у выніку аварыі на ЧАЭС, а таксама “вырашыць, наколькі гэта мэтазгодна ў цяперашніх умовах з улікам усіх прадпрынятых мер“.

У той жа час ён выказаў сумневы ў праўдзівасці даных аб маштабах рэшткавага забруджваньня. “Чым жа мы тады займаліся 30 гадоў, калі ў нас 900 тыс. пражываюць на забруджаных тэрыторыях?” — заявіў Лукашэнка, пачуўшы, што на пачатак 2025 года ў зонах радыеактыўнага забруджвання пражывала больш за 930 тыс. чалавек, у тым ліку 181 тыс. дзяцей.

“Чаго вы дагэтуль лічбы называеце, якія былі 40 гадоў таму? Трэба прыводзіць (як бы гэта ні было папулярна, не папулярна) у адпаведнасць [з рэчаіснасцю], — заявіў выступоўца. — Крыўдзіць людзей не трэба. На забруджанай тэрыторыі ў нас ніхто жыць не павінен. Трэба навесці парадак. Каб мы ведалі, што вось гэтыя землі — мы пакуль не ведаем, можна там жыць ці не, лепш паберагчы сябе і людзей паберагчы. Пакуль нельга — абыдземся. Будзем рабіць гэта ціхенька, крок за крокам, асвойваючы тыя ці іншыя землі. Але толькі калі мы ўпэўненыя, што гэта нармальна”.

Віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак заявіў, што крытэрыі аднясення зямель да катэгорыі забруджаных патрабуюць “дадатковай дэталёвай прапрацоўкі“, і паабяцаў, што гэтаму пытанню на ўзроўні ўрада ў бліжэйшы час “будзе нададзена асаблівая ўвага“.

Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі — найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — здарылася 26 красавіка 1986 года ў 1:23. Нягледзячы на тое што АЭС размешчана ва Украіне, больш за 70% радыенуклідаў, вызваленых у выніку разбурэння рэактара чацвёртага энергаблока, асела ў Беларусі.

Паводле інфармацыі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд), забруджанымі застаецца каля 25 тыс. квадратных кіламетраў — прыкладна 12% тэрыторыі краіны.

Падзяліцца: