Мінск 21:35

Літва не будзе спяшацца з адказам на прапанову Беларусі аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны — прэм’ер

Ілюстрацыйнае фота: БЧ

28 красавіка, Позірк. Вільнюс не будзе спяшацца з адказам на прапанову Мінска аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны, вынікае з заявы прэм’ер-міністра Літвы Гінтаўтаса Палуцкаса.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, якія прыводзіць LRT, адпаведную прапанову разглядаюць “у кантэксце ўсіх санкцый, вайны ва Украіне і стасункаў Еўрасаюза з Расіяй”. “Таму з адказам на гэтыя прапановы спяшацца не будзем”, — сказаў ён журналістам 28 красавіка.

Каментуючы інфармацыю пра тое, што Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы чакае заключэнняў ад МУС, МЗС і Дэпартамента дзяржбяспекі, Палуцкас заявіў, што “гэта працоўны працэс”.

“Калі паступае прапанова, яна разглядаецца ў кансультацыі з Міністэрствам замежных спраў, якое адказвае за санкцыі, а канчатковае рашэнне прымае ўрад. Так што вы пачулі маё меркаванне”, — сказаў прэм’ер.

Пра тое, што Беларуская чыгунка прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць прамыя пасажырскія перавозкі, паведаміла прэс-служба БЧ 21 красавіка.

Прапанова была зробленая на 39-м пасяджэнні Канферэнцыі генеральных дырэктараў (адказных прадстаўнікоў) чыгунак Арганізацыі супрацы чыгунак (АСЧ), якая праходзіла 14–17 красавіка ў Варшаве.

24 ліпеня 2024 года намеснік начальніка пасажырскай службы — начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Сяргей Шэмет заяўляў, што БЧ “на працягу трох гадоў выступае з ініцыятывай” аднавіць чыгуначныя пасажырскія перавозкі з краінамі Заходняй Еўропы.

Пасажырскія чыгуначныя зносіны Беларусі з Літвой, Польшчай і Латвіяй былі прыпыненыя ў 2020 годзе праз пандэмію COVID-19, пасля так і не аднавіліся.

У 2019 годзе на гэтыя напрамкі прыпадала каля 20% усіх міжнародных перавозак па чыгунцы. У Літву было перавезена 380 тыс. пасажыраў, Польшчу — 225 тыс., Латвію — 20 тыс.

Краіны ЕС аднавілі ўнутраныя пасажырскія перавозкі па чыгунцы ў сярэдзіне 2021 года.

28 ліпеня 2022 года Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі заявіла пра зацікаўленасць аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны з Літвой, Латвіяй і Польшчай.

“З паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі і скасаваннем абмежаванняў на перамяшчэнне грамадзян Беларусь неаднаразова прапаноўвала аднавіць міжнародныя пасажырскія перавозкі, але безвынікова”, — адзначала міністэрства.

З таго часу сітуацыя не змянілася.

З Мінска выконваюцца штодзённыя аўтобусныя рэйсы ў Вільнюс, Рыгу і Варшаву. Беларусы часта сутыкаюцца з сур’ёзнымі чэргамі на выезд і ўезд у краіну праз закрыццё памежных пунктаў суседнімі краінамі.

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (з беларускага боку — Урбаны). Адзіным дзейным пунктам пропуску на мяжы дзвюх краін застаўся пункт Грыгараўшчына (Патэрніекі).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца).

У ЕС перавозяцца грузы, аднак на іх рух уплываюць санкцыі. Польскі галіновы партал Rynek kolejowy паведамляў сёлета ў лютым пра скарачэнне аб’ёму грузавых перавозак праз чыгуначны пункт пропуску Цярэспаль (Брэст). Адзначаецца, што ў лістападзе 2024-га праз згаданы пункт пропуску праходзіла 27 таварных цягнікоў на суткі, у снежні — 23.

У публікацыі гаварылася, што ў 2021 годзе беларуска-польскую мяжу праз Цярэспаль перасякала каля 50 цягнікоў у суткі, у 2022-м — каля 20.

Падзяліцца: