Мінск 22:05

Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб амністыі — “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў” яна не закране

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

30 красавіка, Позірк. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 30 красавіка прынялі ў двух чытаннях законапраект “Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.

Дакумент мусіць ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

Амністыю мяркуецца прымяніць у дачыненні да 7.630 асуджаных. Асноўнымі ўмовамі для яе прымянення з’яўляюцца “поўнае пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам”, а таксама “станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбывання пакарання”.

Праектам закона прапанавана зменшыць тэрмін пакарання на адзін год раней не судзімым асобам, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, — за выключэннем асоб, якія здзейснілі такія злачынствы, што пацягнулі з неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку ўжывання ім наркатычных сродкаў (ч. 5 арт. 328 Крымінальнага кодэкса).

Акрамя таго, прапануецца дапоўніць пералік асоб, якія цалкам вызваляюцца ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, тымі, хто мае медыцынскія паказанні да адмысловага лячэння ў сувязі з анкагематалагічнымі захворваннямі і дэпрэсіямі крыватвору.

Асоб, асуджаных за злачынствы, што пацягнулі з неасцярожнасці смерць чалавека, прапануецца вызваліць ад пакарання часткова — скараціць тэрмін на адзін год (замест замены пазбаўлення волі на яе абмежаванне без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). Разам з тым раней не судзімым асобам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, што прыгавораныя да пазбаўлення волі на тэрмін не больш за 6 гадоў, прапануецца замяніць пакаранне на абмежаванне волі па-за ПУАТ.

Амністыю прапанавана не прымяняць у дачыненні да асоб, якія “злосна ўхіляюцца ад выканання дадатковага пакарання ў выглядзе штрафу або пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю” (ч. 2 арт. 423); якія здзейснілі “злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да дзяржаўных сакрэтаў” (арт. 374, 3751, 3752).

Як і пры амністыі “ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, прадугледжваецца зніжэнне тэрміну пакарання на адзін год шматдзетным жанчынам, асуджаным за забойства або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло да смерці, без прыкмет, што абцяжарваюць адказнасць (ч. 1 арт. 139 і ч. 3 арт. 147); жанчынам і самотным мужчынам з непаўналетнімі дзецьмі, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў; асобам, якія здзейснілі карупцыйныя злачынствы.

Згодна з прынятым законапраектам, амністыя не распаўсюджваецца на асоб, якія здзейснілі злачынствы паводле ч. 1 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), ч. 1 і 2 арт. 350 (знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі).

Як і раней, амністыя не будзе прымененая “да асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці” (у апошнія гады ўлады папаўняюць адпаведныя спісы пераважна імёнамі асуджаных па справах палітычнага характару). Раней восем беларускіх праваабарончых арганізацый звярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай распаўсюдзіць амністыю на асуджаных з палітычных матываў.

З ліпеня 2024 года па студзень 2025-га ў Беларусі было дзесяць хваляў памілаванняў (пераважна на падставе ўказаў Лукашэнкі), у выніку якіх на волю выйшла больш за 250 палітвязняў. Апошні раз гэта адбылося 24 студзеня, перад працэдурай, якую афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”. Дэмакратычныя краіны не прызналі гэтае мерапрыемства сапраўднымі выбарамі, а Лукашэнку — легітымным прэзідэнтам. Пасля гэтага памілаванняў больш не было.

Разам з тым людзей у краіне працягваюць затрымліваць і судзіць у крымінальным парадку па палітычна матываваных крымінальных справах.

На 30 красавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.198 чалавек. Насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

Падзяліцца: