Мінск 07:26

МАРГ выявіў парушэнні ў 82% гасцініц, правераных перад наплывам расіян на травеньскія святы

2 траўня, Позірк. Аб выніках “кантрольных мерапрыемстваў” у дачыненні да аб’ектаў турыстычнай індустрыі справаздачылася 2 траўня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

Падкрэсліваецца, што праверкі праводзіліся ў сакавіку і красавіку “ў сувязі з набліжэннем мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Супрацоўнікі ведамства праверылі “34 аб’екты, якія аказваюць паслугі гасцініц, а таксама аб’екты грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, размешчаных у гасцініцах”, адзначае МАРГ.

“У 28 аб’ектах (82%) устаноўленыя парушэнні, у прыватнасці, правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання і правілаў гасцінічнага абслугоўвання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, адзначае МАРГ, “звярталася ўвага на наяўнасць у продажы тавараў з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь” і “афармленне гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання ў святочнай тэматыцы, прысвечанай святкаванню 80-годдзя Перамогі”.

Сярод правераных гатэляў “істотных нараканняў не выклікалі” гасцініцы “Беларусь”, “Юнацтва”, “Інтурыст” у Брэсце; “Эрыдан” і “Лучэса” — у Віцебску; “Сож” — у Гомелі, падкрэсліваецца ў рэлізе.

“Суб’ектам, якія дапусцілі парушэнні, накіраваныя рэкамендацыі аб іх ліквідацыі, якія былі аператыўна выкананыя”, — зявўляе міністэрства.

На травеньскія святы Беларусь традыцыйна наведвае вялікая колькасць турыстаў з Расіі.

У 2024 годзе назіраўся “рэзкі рост турыстычнага патоку з Расіі ў Беларусь”, ён павялічыўся на 32% у параўнанні з 2023-м, вынікае з аналізу профільнага анлайн-сэрвісу РФ “Туту”.

Найбольш запатрабаванымі напрамкамі для падарожнікаў з Расіі названыя Мінск, Брэст, Гродна, Гомель і Віцебск.

Самым папулярным горадам “для размяшчэння” называецца Мінск, які выбіраюць амаль 84% расіян.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2024 годзе ў Беларусі дзейнічала 618 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, іх паслугамі скарысталася 2,5 млн чалавек, з іх 1,2 млн — замежнікі.

У 478 санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацыях было абслужана 218 тыс. грамадзян замежных краін, у аграсядзібах — 14 тыс.

Падзяліцца: