Мінск 00:22

Колькасць дзяцей-сірот у Беларусі расце чатыры гады запар

Ілюстрацыйнае фота: Brett Jordan / unsplash.com

3 траўня, Позірк. У Беларусі колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, за год вырасла на 24,9% (з 2.203 на канец 2023-га да 2.752 на канец 2024-га), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Негатыўная сітуацыя назіралася ва ўсіх рэгіёнах краіны і сталіцы. Горшая гадавая дынаміка зафіксаваная ў Мінскай вобласці, дзе колькасць сірот павялічылася на 71,1% (з 284 да 486).

Далей ідуць: Мінск — на 41% (з 227 да 320), Віцебская вобласць — на 23,7% (з 346 да 428), Брэсцкая — на 18,4% (з 369 да 437), Гомельская — на 15,4% (з 428 да 494), Гродзенская — на 9,4% (з 265 да 290), Магілёўская — на 4,6% (з 284 да 297).

За апошнія дзесяць гадоў толькі чатыры разы назіралася гадавое зніжэнне названага паказчыка: у 2015-м было зарэгістравана 2.848 сірот, 2016-м — 2.554, 2017-м — 2.369, 2018-м — 2.383, 2019-м — 2.203, 2020-м — 2.112, 2021-м — 2.172, 2022-м — 2.449, 2023-м — 2.491, 2024-м — 2.752.

У 2024 годзе 3.155 чалавек было пазбаўлена ў Беларусі бацькоўскіх правоў — на 28,7% больш, чым у 2021-м (2.452), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Белстата.

Найгоршая дынаміка зафіксаваная ў бацькоў ва ўзроставай групе тых, каму больш за 41 год, — +46,8% (з 718 да 1.054) і 18–24 гадоў — +46,3% (з 95 да 139).

Далей ідуць 36–40 гадоў — +34,4% (з 671 да 902), 25-35 гадоў — +9,4% (з 968 да 1.059), да 17 гадоў (уключна) — у 2021-м не было выпадкаў, у 2024-м — 1.

Колькасць дзяцей, бацькі якіх пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, павялічылася за названы перыяд на 32,7% (з 2.980 да 3.955).

Ва ўзроставых групах сітуацыя наступная: да 1 года (уключна) — +43,3% (са 194 да 278); 15–17 гадоў— +39% (з 477 да 663); 7–10 гадоў — +36,7% (з 766 да 1.047); 11–14 гадоў — +34,5% (з 695 да 935); 4–6 гадоў — +23,9% (з 565 да 700); 2–3 гады — +17,3% (з 283 да 332).

Колькасць дзяцей, на якіх выплачваюцца штомесячныя сямейныя дапамогі, за восем гадоў зменшылася ў Беларусі на 37,1% (з 557.973 на канец 2016-га да 350.885 на канец 2024-га), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата.

У прыватнасці, колькасць дзяцей, на якіх выплачваецца дапамога “па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў”, зменшылася на 45,6%.

На канец 2016-га такіх значылася 348.585, 2017-га — 333.560, 2018-га — 310.603, 2019-га — 280.436, 2020-га — 260.537, 2021-га — 242.352, 2022-га — 224.139, 2023-га — 207.205, 2024-га — 189.658.

Партал “Люстэрка” паведамляў пра атрыманне пры дапамозе аб’яднання BelPol свежых непублічных даных Міністэрства аховы здароўя, з якіх вынікае, што ў 2023-м у Беларусі нарадзілася 64.605 дзяцей, а ў 2024-м — 58.993 (-8,7%).

Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2025 года склала 9 млн 109 тыс 280 чалавек — на 1 млн 101 тыс. 123 менш, чым на аналагічную дату 1995 года (10 млн 210 тыс. 403; -10,8%), вынікае з праведзенага “Позіркам”аналізу даных Белстата.

Колькасць насельніцтва Беларусі на пачатак 2024 года складала 9 млн 155 тыс 978 чалавек, 2023-га — 9 млн 200 тыс. 617, 2022-га — 9 млн 255 тыс. 524, 2021-га — 9 млн 349 тыс. 645, 2020-га — 9 млн 410 тыс. 259.

Падзяліцца: