Мінск 02:03

Прэс-служба Лукашэнкі анансавала яго сустрэчу з прэзідэнтам Гвінеі-Бісаў

6 траўня, Позірк. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла пра запланаваную на 7 траўня яго сустрэчу з прэзідэнтам Гвінеі-Бісаў Умару Сісоку Эмбало.

Перамовы пройдуць у Мінску, бакі “абмяркуюць пытанні актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння і развіцця супрацоўніцтва”, гаворыцца ў паведамленні. “Асаблівая ўвага” будзе нададзена “рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў у ключавых галінах эканомікі”.

Адзначаецца, што праграма Сісоку Эмбало ў Беларусі “таксама прадугледжвае наведванне шэрагу прадпрыемстваў для азнаямлення з магчымасцямі краіны ў розных сферах”.

Пра візіт прэзідэнта Гвінеі-Бісаў у Беларусь паведаміла ўдзень 6 траўня мясцовае медыя Mundo.

Паводле інфармацыі гэтага СМІ, пасля візіту ў Беларусь Сісоку Эмбало накіруецца ў Маскву на святкаванне 9 траўня. На наступны дзень ён збіраецца ў Японію.

11 сакавіка Сісоку Эмбало і Аляксандр Лукашэнка, як паведамляла прэс-служба апошняга, правялі “грунтоўную” тэлефонную размову “па ўсім комплексе двухбаковых стасункаў і кірунках, па якіх бакі зацікаўленыя развіваць узаемадзеянне”.

Беларусь і Гвінея-Бісаў усталявалі дыпламатычныя стасункі 27 верасня 2002 года.

Гвінея-Бісаў знаходзіцца на заходнім узбярэжжы Афрыкі. Займае плошчу 36,1 тыс. квадратных кіламетраў (крыху менш за Мінскую вобласць). Насельніцтва — каля 2,1 млн чалавек.

Цяпер ніводнае дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі не акрэдытаванае на працу з гэтай дзяржавай. Пра прыняццё Лукашэнкам даверчых грамат амбасадара Гвінеі-Бісаў (па сумяшчальніцтве з Масквы) апошні раз паведамлялася ў 2013 годзе.

У той жа час, паводле інфармацыі дзяржСМІ, 31 студзеня гэтага года амбасадар Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік правёў сустрэчу з амбасадарам Гвінеі-Бісаў у РФ Алфрэду Крыштавау Гомешам Лопешам, на якой “абмяркоўваліся пытанні супрацы ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах, а таксама графік будучых кантактаў”.

Бісаў-гвінейскі дыпламат, як заяўлялася, адзначыў, што для яго краіны важна ўзаемадзейнічаць з Беларуссю, перш за ўсё ў сферы сельскай гаспадаркі. Ён удакладніў, што интарэс прадстаўляюць “беларускія напрацоўкі і практычны досвед у гэтай галіне”.

Гомеш Лопеш таксама праявіў інтарэс да арганізацыі навучання студэнтаў з яго краіны ў ВНУ Беларусі “па ўсім спектры спецыяльнасцей — ад падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі да медыцынскіх кадраў”.

У сваю чаргу Рагожнік “падкрэсліў гатоўнасць беларускага боку прапанаваць Гвінеі-Бісаў увесь спектр прадукцыі машынабудавання з далейшай арганізацыяй яе сэрвіснага абслугоўвання”.

Даных пра двухбаковы гандаль паміж краінамі ў адкрытым доступе няма. Паводле інфармацыі, на рынак гэтай краіны праз расійскія парты могуць пастаўляцца, у прыватнасці, беларускія калійныя ўгнаенні ды іншая прадукцыя.

Падзяліцца: