Мінск 05:52

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, дзе магла трапіць у “пастку спецслужбаў” і апынуцца ў Беларусі — польскае СМІ

Фота: Adam Burakowski / East News

6 траўня, Позірк. Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава можа знаходзіцца ў Беларусі, вынікае з апублікаванага 6 траўня расследавання польскага выдання Polityka.

Са спасылкай на “дзве незалежныя крыніцы” медыя паведамляе, што 26 лютага палітык вылецела з Варшавы ў Лондан, дзе “перасела на самалёт да Шры-Ланкі”.

Адзначаецца, што Мельнікава раней адпачывала ў гэтай астраўной дзяржаве ў Паўднёвай Азіі — у студзені 2024 года ў горадзе Унаватуна. Яна “праводзіла там час у кампаніі мужчыны”.

У публікацыі прыводзяцца словы неназванай сяброўкі спікера КР, якая нібыта паведаміла: Мельнікава паказала ёй фатаграфіі мужчыны і “яго заручальны пярсцёнак” і “сказала, што ён з Беларусі, спартовец, і што яна закаханая ў яго”.

Выданне сцвярджае, што Мельнікава не інфармавала “калег з апазіцыі” пра знаёмства з мужчынам, бо ён пражывае ў Беларусі, і гэта магло “выклікаць трывогу ў іншых актывістаў”.

“Мужчына, які выдаваў сябе за спартоўца, мог быць супрацоўнікам беларускага КДБ. Апошняя паездка на Шры-Ланку аказалася пасткай, падрыхтаванай спецслужбамі. З выспы можна лёгка дабрацца да Расіі, а потым і да Беларусі. Існуюць рэгулярныя і чартарныя рэйсы. Магчыма, Мельнікава села на адзін з гэтых самалётаў — добраахвотна, прымусова ці пад шантажом”, — гаворыцца ў матэрыяле.

Выданне канстатуе, што “ў гісторыі Анжалікі шмат пытанняў”. “Першае датычыць яе сувязяў з Беларуссю. Яе маці дагэтуль жыве ў Нясвіжы. Яе дочкі, за бяспеку якіх яна баялася, з’язджаючы з Беларусі, таксама вярнуліся туды і год жылі з бабуляй. У гэты час Анжаліка знаходзілася ў Польшчы і займалася атрыманнем фінансавання для беларускай апазіцыі”, — адзначаюць аўтары.

Былы муж спікера КР, Андрэй Мельнікаў, таксама “рэгулярна ездзіў у Беларусь”, пры гэтым, паводле інфармацыі Polityka, “у 2024 годзе яны зноў жылі разам”. Пара “зняла кватэру (больш за 90 квадратных метраў) у раёне Бемова ў Варшаве”, “дзяўчынкі жылі з імі і вучыліся ў прыватнай школе”.

У артыкуле гаворыцца, што “ў лютым 2025 года, калі ЗША замарозілі фінансаванне прадэмакратычных арганізацый, Анжаліка адмовілася ад заробку, які павінна была атрымліваць за працу ў Народным антыкрызісным упраўленні”. “Таксама [ёй] была прафінансавана прэмія для аўтараў найбольш цікавых праектаў, што дапамогуць змагацца з рэжымам Лукашэнкі. Планавалася, што гэта будзе 10 тыс. еўра! Вялізная сума для жабрацкай беларускай апазіцыі”, — заяўляюць польскія журналісты.

Паводле звестак СМІ, на пачатку гэтага года “Анжаліка пачала паводзіць сябе дзіўна”: “Сябры заўважылі, што яна выглядала прыгнечанай. Яе менш за ўсё турбавала яе знешнасць. На яе дні народзінаў (12 лютага) сяброўка выпадкова забрала яе iPhone. Анжаліка запанікавала. Яна папрасіла адвезці яе ў дом той дзяўчыны. Сведка інцыдэнту распавёў, што як толькі яна атрымала свой тэлефон назад, яна скінула ўсе налады да заводскіх”.

“Яна перастала карыстацца машынай. На сустрэчы прыязджала на [таксі] Uber. Высветлілася, што машына належала яе былому мужу і была прададзена ў пачатку года. Быццам бы яны разам планавалі ўцёкі. Потым Анжаліка пачала нам усім казаць, што ёй трэба адпачыць і што яна хоча з’ездзіць у Лондан. Яна папрасіла адпачынак у НАУ. Яна з’ехала 26 лютага. Дзеці паляцелі разам з ёй? Службы паведамілі [кіраўніку НАУ] Паўлу Латушку, што так, але мы не ўпэўненыя ў гэтым”, — гаворыцца ў публікацыі.

Паводле інфармацыі выдання, “неўзабаве пасля гэтага, у ноч з 1 на 2 сакавіка, былы муж забраў рэчы, што знаходзіліся ў кватэры, уключаючы мікрахвалёўку і лямпу”, 3 сакавіка ён “перасек мяжу з Беларуссю на аўтобусе”.

“У той час калегі і сябры Анжалікі былі ўпэўненыя, што яна вярнулася ў Польшчу. Яна сама стварала такое ўражанне — адказвала на тэлефонныя званкі і тэкставыя паведамленні. Яна толькі патлумачыла, што захварэла (пнеўманія, ковід) і не зможа прыйсці ў офіс Латушкі”, — паведамляюць расследавальнікі.

Яны не выключаюць, што “гэта было звязана з грашыма”. “12 сакавіка на рахунак яе фонду быў пераведзены вялікі грант. Неўзабаве пасля гэтага грошы былі знятыя, усяго іх было 118 тыс. еўра”, — гаворыцца ў публікацыі.

СМІ паведамляе, што “ў працоўным Zoom” Мельнікава “з’явілася апошні раз” 21 сакавіка. “Яна сказала ўсяго некалькі сказаў. Выглядала стомленай. 24 сакавіка, як было абвешчана, яна павінна была быць у офісе, але не з’явілася”, — удакладняецца ў матэрыяле.

Фота: Dawid Wolski / East News

Прыводзяцца словы Латушкі, які нібыта паведаміў, што апошняе тэкставае паведамленне ад Мельнікавай “прыйшло 25 сакавіка ў дзіўны час, а 6:05”. “Яна напісала, што не прыйдзе на [варшаўскі] Марш Свабоды. Але Марш Свабоды адбыўся на два дні раней. Анжаліка, мусіць, ведала пра гэта”, — сказаў Латушка. З гэтага аўтары расследавання зрабілі выснову, што паведамленне напісала не Мельнікава.

“З таго часу ніхто не ведае, што адбываецца з Анжалікай Мельнікавай і яе дочкамі Ганнай і Таццянай. Напрыканцы сакавіка яе былому мужу патэлефанаваў журналіст. Той сказаў, што знаходзіцца ў Беларусі з дзецьмі і папрасіў больш яго не турбаваць”, — адзначаецца ў артыкуле.

Аўтарамі публікацыі з’яўляюцца польскі рэпарцёр-расследавальнік Павел Рэшка, а таксама расійскія журналісты Цімур Алеўскі і Яўгенія Тамарчанка, якія супрацоўнічаюць з расійскім выданнем The Insider, што спецыялізуецца на медыярасследаваннях.

24 красавіка Латушка паведаміў, што атрымаў афіцыйныя пісьмовыя адказы ад польскіх праваахоўных органаў па сітуацыі, звязанай са знікненнем Мельнікавай.

“Камендант сталічнай паліцыі ў адказ на зварот праінфармаваў, што справа Анжалікі Мельнікавай, у якой яна праходзіць як пацярпелая асоба, перададзена ў пракуратуру, адпаведная структура якой можа даць інфармацыю пра ход следства”, — паведаміла прэс-служба палітыка.

Матэрыялы, звязаныя са стварэннем пагроз прадстаўнікамі спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да супрацоўнікаў НАУ, “перададзеныя ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Польшча аб Агенцтве ўнутранай бяспекі і Агенцтве разведкі на разгляд адпаведнай службе”.

Паведамлялася таксама, што Люблінскі аддзел Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы 24 красавіка “праінфармаваў спецыяльным лістом, што пастановай пракурора ад 16 красавіка гэтага года распачата следства па справе аб пазбаўленні волі ў дачыненні да Анжалікі Мельнікавай на падставе арт. 189 § 1 (незаконнае пазбаўленне волі) Крымінальнага кодэкса і іншых”.

17 красавіка Польскае радыё са спасылкай на Нацыянальную пракуратуру паведаміла, што расследаваннем знікнення Мельнікавай па даручэнні пракуратуры зоймецца Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Пра тое, што Мельнікава не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка, “Позірку” паведаміла 28 сакавіка прэс-служба Латушкі — кіраўніка НАУ, лідара фракцыі “Каманда Латушкі і руху “За Свабоду” ў КР, куды ўваходзіць Мельнікава.

Пазней СМІ паведамілі, што спікер КР магла вылецець з Польшчы ў Вялікабрытанію, куды на яе імя быў набыты авіябілет.

7 красавіка стала вядома, што паліцыя Вялікабрытаніі не праводзіць расследавання ў сувязі з яе знікненнем.

Раней у той жа дзень Латушка са спасылкай на польскіх праваахоўнікаў паведаміў, што Мельнікава “не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, але, хутчэй за ўсё, яна таксама не знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі”.

Навінавы партал “Люстэрка” паведаміў, што дазваніўся да былога мужа Мельнікавай. Той пацвердзіў, што іх дзеці — дзяўчынкі 7 і 13 гадоў — знаходзяцца з ім у Беларусі.

Падчас рэспубліканскага суботніка 12 красавіка Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся пра польскія ўлады, згадаў палітвязня Анджэя Пачобута, а пасля, без сувязі з чымсьці канкрэтным, — Мельнікаву, не называючы яе імя: “Яны ж там страцілі спікерку гэтую. Знайсці не могуць! Знайсці не могуць. Дык знайдзіце хоць”.

13 красавіка Латушка паведаміў, што напярэдадні звярнуўся ў польскую пракуратуру з прапановай правесці дадатковыя следчыя дзеянні і заявай пра гатоўнасць даць паказанні сведак па яе справе.

“Мы канстатуем, на вялікі жаль, што не ведаем, дзе знаходзіцца Анжаліка Мельнікава. На жаль, за гэтыя дні — ужо досыць шмат часу прайшло — не паступіла новай інфармацыі”, — сказаў ён.

У той жа дзень кіраўнік рабочай групы КР па рэагаванні і маніторынгу сітуацыі са знікненнем Мельнікавай Аляксандр Паршанкоў паведаміў “Позірку”, што група працягвае разглядаць розныя варыянты развіцця падзей, уключаючы яе знаходжанне на тэрыторыі Беларусі.

Падзяліцца: