Прэмія Гюнтара Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека прысуджаная БАЖ і Калеснікавай

8 траўня, Позірк. Сёлетнімі лаўрэатамі Прэміі Гюнтара Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека сталі Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і палітзняволеная Марыя Калеснікава. Цырымонія ўручэння адбудзецца 9 траўня ў Кёльне (ФРГ), паведамляе БАЖ.
Прэмію Гюнтара Вальрафа (Günter Wallraff Prize for Press Freedom and Human Rights) прысуджае ініцыятыва Initiative for News Enlightenment. Паводле інфармацыі БАЖ, яна паклікана “прыцягнуць увагу да тэм і дыскурсаў, якія не знаходзяцца на паверхні міжнародных медыя”.
Згаданая ініцыятыва, як адзначае беларуская журналісцкая арганізацыя, што вымушана працуе ў выгнанні, лічыць, што сёння сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі патрабуе дадатковай увагі. Канстатавана, што сітуацыя са свабодай прэсы і тымі актывістамі, якія цяпер знаходзяцца ў турмах Беларусі за прыхільнасць да свабоды і правоў чалавека, “у значнай ступені знікла з асвятлення і грамадскай свядомасці”.
“Таму сёлета пераможцамі прэміі названыя: БАЖ — за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова, а таксама палітзняволеная Марыя Калеснікава — сімвалічная фігура, якая можа выступаць у якасці прадстаўніка многіх людзей, што ахвяравалі сваёй свабодай і жыццём за свабодную і дэмакратычную Беларусь”, — падкрэсліла асацыяцыя.
“Гэтая прэмія для нас — яшчэ адна важная магчымасць нагадаць пра 40 журналістаў і журналістак, якія сёння знаходзяцца ў турмах [рэжыму Аляксандра] Лукашэнкі за сваю прафесію. Патрабаванне вызваліць медыйшчыкаў павінна гучаць на ўсіх міжнародных пляцоўках, бо гэтыя людзі проста ўзятыя ў закладнікі за сваю працу. У цэнтры Еўропы як мінімум 1.200 палітзняволеных, сярод якіх 40 журналістаў”, — пракаментаваў падзею намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
У розныя гады лаўрэатамі прэміі былі расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны (памёр 16 лютага 2024 года ў калоніі; імаверна, быў забіты), заснавальнік WikiLeaks Джуліян Ассанж, Еўрапейская журналісцкая абсерваторыя, ізраільская і палестынская ініцыятывы Women Wage Peace і Women of the Sun.
Беларуская асацыяцыя журналістаў — буйнейшае недзяржаўнае дэмакратычнае аб’яднанне прадстаўнікоў беларускіх медыя, член Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Займаецца адукацыяй, абаронай правоў, маніторынгам у галіне медыя, каардынацыяй медыясупольнасці; праводзіць акцыі, кампаніі.
Марыя Калеснікава падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года была спікерам і кіраўніцай выбарчага штаба Віктара Бабарыкі (Цэнтрвыбаркам адмовіўся рэгістраваць яго ў якасці кандыдата). Пасля яго затрымання далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штаба разам з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост — Валерыя Цапкалы (таксама не быў зарэгістраваны). 6 верасня 2021 года Калеснікаву прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі. Яна адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4.
82-гадовы Гюнтэр Вальраф — нямецкі журналіст і пісьменнік, адзін з заснавальнікаў журналісцкага расследавання ў сучасным выглядзе.

- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКіраўнік ДПК анансаваў стварэнне яшчэ шасці пагранічных застаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаПазьняк: Беларуская мова і ёсць беларуская нацыя, ніякая нацыянальная свядомасць "на русском языке" не ўзнікне (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля шасцідзённай паўзы Літва зноў зафіксавала актыўнасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаПагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі за апошні год зменшылася на 2,3%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАмаль тыдзень Літва не фіксуе спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка