Беларусы больш актыўна сталі падавацца на прытулак у Грузіі на фоне планаў уладаў ускладніць працэдуру — праваабаронца
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 8 траўня 2025 года ў 09:58

8 траўня, Позірк. Беларусы больш актыўна сталі падавацца на прытулак у Грузіі на фоне планаў уладаў спрасціць для сябе і ускладніць для грамадзян працэдуру разгляду заяў. Пра гэта паведаміў “Позірку” брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які з 2021 года жыве ў гэтай краіне і больш за два гады змагаецца за атрыманне абароны.
Паводле слоў Кісляка, каля дэпартамента па міграцыі МУС збіраюцца чэргі з людзей, якія хочуць падаць заяву на атрыманне палітычнага прытулку ў краіне, сярод іх ёсць і беларусы.
“Колькасць людзей значна павялічылася, — адзначыў Кісляк. – Я раней ў чарзе беларусаў не сустракаў. Але цяпер кожны дзень некалькі чалавек падаецца на прытулак. У кагосьці пашпарт заканчваецца, у кагосьці візаран (выезд за межы Грузіі, каб абнуліць тэрмін знаходжання, які не можа перавышаць 365 дзён запар. — “Позірк”.) без гарантыі бесперашкодна вярнуцца ў краіну”.
“Напрыклад, былі людзі, якія ўзялі талоны ў 9 гадзін і не змаглі трапіць унутр”, — апісаў сітуацыю праваабаронца.
Паводле яго слоў, дэпартамент міграцыі ўвёў электронную чаргу для заяўнікаў, але супрацоўнікі часам не паспяваюць прыняць усіх. Пры гэтым для тых, хто гадзінамі чакае сваёй чаргі, не створаныя адпаведныя ўмовы: няма прыбіральняў, навеса ад ападкаў, лавачак. У сувязі з гэтым Кісляк і яго калегі-праваабаронцы плануюць звярнуцца да міністра ўнутраных спраў.
“Паводле розных ацэнак, не менш за 20-25 тыс. замежных грамадзянаў жывуць у Грузіі нелегальна. Ёсць сярод іх і беларусы. Пасля прыняцця новага закона павялічыцца рызык дэпартацыі — не выключаю, што і ў Беларусь таксама”, — заявіў праваабаронца.
Сярод плануемых змен у міграцыйным заканадаўстве: скарочаная працэдура разгляду заявы на прытулак, сама заява мусіць быць пададзеная не пазней чым праз месяц пасля прыезду ў Грузію. Таксама прадугледжваецца працэдура разгляду заяў ужо на мяжы, спрашчэнне і паскарэнне працэдуры дэпартацыі і выдварэння, увядзенне забароны на ўезд у Грузію пры нелегальным пражыванні ў краіне і парушэнні тэрмінаў абнулення тэрміну знаходжання.
“Беларусаў гэта можа моцна зачапіць, бо яны знаходзяцца ў найбольш складаным стане. Іншыя замежнікі могуць памяняць пашпарт у амбасадзе сваіх краін, а мы не”, — адзначыў Кісляк, маючы на ўвазе ўказ ад 4 верасня 2023 года № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”.
Падставай для прыняцця зменаў у міграцыйнае заканадаўства Грузіі стаў удзел замежных грамадзян у пратэстах супраць кіроўнай партыі “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, якая стала на шлях канфрантацыі з Еўрасаюзам, а таксама абвінавачваецца апанентамі ў фальсіфікацыі вынікаў кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў.
“Грузія перастае быць месцам, дзе можна вольна жыць і ніхто не парыцца, гэтая лавачка зачыняецца. Шмат хто, напрыклад, не “візараніцца” ў належны тэрмін. Пасля прыняцця закона мы можам сутыкнуцца з тым, што ў тым ліку і беларусаў будуць выдвараць і дэпартаваць з краіны”, — сказаў Кісляк.
Грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі на наданне прытулку. Аднак, паводле слоў праваабаронцы, нават няглядзячы на гэта, сама падача заявы легалізуе знаходжанне чалавека ў Грузіі на час разгляду справы і абскарджвання.
“Гэты працэс можа расцягвацца да некалькіх год і невядомы чым скончыцца. Можа, суды ўсё ж будуць даваць статус ці міжнародныя органы будуць прызнаваць парушэнне правоў чалавека”, — адзначыў суразмоўца.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- КДБ дадаў у "спіс тэрарыстаў" яшчэ дзесяць чалавекМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваУ Баранавічах перакрыты рэкорд холаду амаль паўвекавой даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаГрузія не ўпусціла назад яшчэ аднаго актывіста беларускай дыяспарыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаЗа траціну 2025 года фізічныя асобы прадалі валюты амаль на 238 млн долараў больш, чым набылі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства