Кіраўнік кампартыі В’етнама наведае Беларусь 11–12 траўня, перагаворы з Лукашэнкам пройдуць у другі дзень візіту

10 траўня, Позірк. Афіцыйны візіт у Беларусь генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Лама адбудзецца 11–12 траўня, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі.
Беларускі палітык правядзе перагаворы з госцем у другі дзень візіту, 12 траўня. Адзначаецца, што яны пройдуць у Палацы незалежнасці “ў вузкім і пашыраным складах”.
“На іх, як плануецца, будзе абмяркоўвацца развіццё стратэгічнай супрацы Беларусі і В’етнама па ключавых кірунках у эканоміцы, палітыцы і гуманітарнай сферы, — гаворыцца ў паведамленні. — Гаворка ў першую чаргу пойдзе пра напаўненне канкрэтнымі праектамі “дарожнай карты” па развіцці супрацы паміж Беларуссю і В’етнамам, якая цяпер распрацоўваецца. На парадку дня — перспектывы далейшай сумеснай працы па шырокім спектры кірункаў”.
Чакаецца, што пасля перагавораў бакі падпішуць шэраг дакументаў, што “закліканы замацаваць стратэгічны характар двухбаковай супрацы”.
Прэс-служба Лукашэнкі адзначыла, што ў праграме візіту То Лама таксама “мерапрыемствы па лініі Нацыянальнага сходу і ўрада”, а таксама азнаямленне з беларускім “прамысловым патэнцыялам”.
Пра тое, што То Лам у траўні наведае Беларусь, 29 красавіка паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў са спасылкай на намесніка старшыні ніжняй палаты парламента Вадзіма Іпатава, які знаходзіўся ў В’етнаме. Паводле слоў дэпутата, запланаванае “падпісанне сумеснай заявы і дарожнай карты на 2025–2027 гады”.
30 красавіка Лукашэнка, віншуючы То Лама з 50-годдзем “вызвалення Паўднёвага В’етнама і ўз’яднання краіны”, падкрэсліў, што візіт в’етнамскага партыйнага дзеяча ў Беларусь будзе садзейнічаць пераходу двухбаковых стасункаў на “якасна новы ўзровень”.
То Лам стаў генеральным сакратаром кіроўнай і адзінай легальнай палітычнай структуры — Камуністычнай партыі В’етнама — 3 жніўня 2024 года. З 22 траўня па 21 кастрычніка таго ж года быў прэзідэнтам краіны. Фактычна пазіцыя партыйнага лідара вышэй за пазіцыю прэзідэнта.
На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама Там Куангам 9 верасня 2024 года ў Мінску Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе “настолькі актыўная ў стасунках” з Ханоем, наколькі гэта можа дазволіць сабе в’етнамскае кіраўніцтва.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворанае ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася ў канцы 2003-га.
У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрытае генеральнае консульства Беларусі.
Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.
- Грамадства, Навіны Германіі
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года краіны ЕС спынілі больш за 10 тыс. спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 8 траўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка