Мінск 09:13

Еўразійскі эканамічны форум пройдзе 26–27 чэрвеня ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры

Мінскі міжнародны выставачны цэнтр
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі / кадраванне: "Позірк"

13 траўня, Позірк. Еўразійскі эканамічны форум (ЕЭФ) пройдзе 26–27 чэрвеня ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Дата і месца правядзення зацверджаныя пастановай Савета міністраў № 256 ад 8 траўня.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 13 траўня, форум будзе арганізаваны і праведзены за кошт бюджэту Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце для Міністэрства замежных спраў на “фінансаванне іншых пытанняў, звязаных з міжнароднай дзейнасцю, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам”.

Пры гэтым МЗС вызначана “распарадчыкам бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца ў 2025 годзе з рэспубліканскага бюджэту на арганізацыю і правядзенне форуму”.

Аператар форуму і атрымальнік адпаведных сродкаў з бюджэту і “іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам”, — Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн. Гэтай арганізацыі ўрад дазволіў закупляць тавары, работы і паслугі, неабходныя для арганізацыі і правядзення форуму, з адной крыніцы.

Мінскі міжнародны выставачны цэнтр адкрыўся 8 траўня 2025 года. На цырымоніі адкрыцця Аляксандр Лукашэнка анансаваў правядзенне ў ім ЕЭФ, назваўшы толькі месяц — чэрвень.

Першы ЕЭФ прайшоў у траўні 2022 года ў Бішкеку і быў прысвечаны “еўразійскай эканамічнай інтэграцыі ў эпоху глабальных змяненняў” і “новым магчымасцям інвестыцыйнай актыўнасці”. Другі форум, які адбыўся ў траўні 2023 года ў Маскве, быў прымеркаваны да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Трэці ЕЭФ, які прайшоў 30 верасня — 1 кастрычніка 2024 года ў Ерэване, прысвяцілі 10-годдзю падпісання Дагавора аб ЕАЭС.

Цяперашні — чацвёрты — форум у Мінску прымеркаваны да чарговага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета з удзелам кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС. Адметна, што раней месяцам правядзення саміту гэтага аб’яднання называўся травень.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян яшчэ 26 снежня 2024 года папярэдзіў, што не мае намеру прыязджаць на саміт у Беларусь. Да таго, 13 чэрвеня, кіраўнік армянскага ўрада заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Прычына палягае ў стасунках афіцыйнага Мінска з Азербайджанам, фактычнай падтрымцы Баку ў карабахскім канфлікце.

Паводле інфармацыі на сайце форуму, галоўнай яго тэмай сёлета стане “стратэгія еўразійскай інтэграцыі, вынікі і перспектывы”.

“Мерапрыемства арыентаванае на ўдзел у ім кіраўнікоў буйнога, сярэдняга і малога бізнесу дзяржаў-членаў і трэціх краін, кіраўнікоў і прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады краін ЕАЭС, а таксама кіраўнікоў і членаў урадаў трэціх краін, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, зацікаўленых у развіцці ўзаемадзеяння ў рамках саюза”, — адзначаецца ў тэматычным рэлізе.

У ЕАЭС, які дэ-юрэ функцыянуе з 1 студзеня 2015 года, уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія.

Падзяліцца: