Мінск 16:26

Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі рэзідэнтаў “Вялікага каменя” павялічылася за год амаль у шэсць разоў

Фота: industrialpark.by

14 траўня, Позірк. У студзені — сакавіку 2025 года знешнегандлёвы абарот рэзідэнтаў індустрыяльнага парку “Вялікі камень” склаў 185,1 млн долараў — на 43,7% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (128,8 млн), вынікае з праведзенага Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Экспарт склаў 74 млн долараў (72,6 млн; +1,9%), імпарт — 111,1 млн (56,2 млн; рост у 1,98 раза), адмоўнае сальда — 37,1 млн (годам раней было дадатным — 16,4 млн).

Тавараў прададзена на 31,4 млн долараў (38,5 млн; -18,4%), набыта — на 88,2 млн (48,4 млн; +82,2%), адмоўнае сальда — 56,8 млн (-9,9 млн; рост у 5,74 раза).

Паслуг рэалізавана на 42,6 млн долараў (34,1 млн; +24,9%), набыта — на 22,9 млн (7,8 млн; у 2,94 разы), дадатнае сальда — 19,7 млн (26,3 млн; -25,1%).

Выручка за тры месяцы вырасла на 19% (з 282,7 млн да 336,4 млн рублёў), чысты прыбытак — у 5,61 раза (з 16,4 млн да 92 млн рублёў).

Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі) павялічыліся на 42,7% (з 23,4 млн да 33,4 млн долараў), інвестыцыі ў асноўны капітал — у 5,19 раза (з 22,8 млн да 118,3 млн рублёў).

Сума падаткаў, збораў і плацяжоў, выплачаных у бюджэт і пазабюджэтныя фонды стала большай на 61,5% (з 41,6 млн да 67,2 млн рублёў).

У парку на канец сакавіка 2025 года было зарэгістравана 146 рэзідэнтаў (131; +29,2%), з іх дзеючых — 105 (89; +18%), сярэдняспісачная колькасць работнікаў кампаній вырасла за год на 19% (з 2.882 да 3.550).

Кампаніі “з краін еўрапейскага, амерыканскага кантынентаў”, нягледзячы на санкцыі, “выразна разумеюць эканамічныя перавагі” працы ў “Вялікім камені”, заявіў на той момант прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 18 траўня 2024 года падчас яго наведвання.

“Нідзе ў Еўропе такіх умоў вядзення бізнесу яны не атрымаюць, —і сцвярджаў чыноўнік. — Адпаведна выдаткі тут нават на адкрыццё новай вытворчасці істотна ніжэйшыя, чым у любым іншым пункце Еўропы. Таму ідуць з задавальненнем. Рынак ЕАЭС па-ранейшаму сур’ёзны і плацежаздольны, таму цікавасць абсалютна прагматычная, і менавіта ў гэтым мы знаходзім скрыжаванне нашых інтарэсаў”.

Разам з тым, падкрэсліў прэм’ер, “апорнымі рэзідэнтамі” для Беларусі з’яўляюцца кампаніі з Кітая і Расіі, таму што парк з’яўляецца “адным з апорных пунктаў прамысловага развіцця праекта “Адзін пояс — адзін шлях”. “Тое, што на беларускай зямлі судакранаюцца кітайскія, расійскія тэхналогіі і рынак ЕАЭС, — арганічна”, — лічыць Галоўчанка.

Індустрыяльны парк “Вялікі камень” — тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай 112,5 кв. км са статусам асаблівай эканамічнай зоны. Парк размешчаны ў Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць) за 25 км ад сталіцы. Пагадненне аб яго стварэнні было падпісана ў 2011 годзе, у 2014-м пачалося будаўніцтва і быў зарэгістраваны першы рэзідэнт.

Падзяліцца: