Мінск 09:04

У Беларусі запаволіўся рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

15 траўня, Позірк. Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў сакавіку 2025 года выраслі на 12% да ўзроўню сакавіка 2024-га, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 64,7% (месяцам раней — 64,3%), трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі ды іншыя трансферты насельніцтву) — 22,4% (22,9%), даходы ад прадпрымальніцкай ды іншай дзейнасці, што прыносіць даход, — 7,6% (7,5%), даходы ад уласнасці ды іншыя даходы — 5,3% (5,3%).

У студзені рост складаў 13,8%, лютым — 12,5%. Такім чынам, назіраецца запаволенне гэтага працэсу.

Па выніках 2024 года названыя даходы павялічыліся на 9,7%, 2023-га — на 6,3%, 2022-га — на 3,6%.

Раней “Позірк” паведамляў, што намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў сакавіку 2025 года склаў 2.601,8 рубля — на 173,7 рубля больш (+7,15%), чым у лютым (2.428,1).

Паводле ўзроўню намінальнага заробку традыцыйна лідзіруе Мінск — 3.544,7 рубля (у лютым — 3.309,1; +7,12%). У Мінскай вобласці ён склаў 2.635,3 (2.442,7; +7,88%), Гомельскай — 2.302,3 (2.169,7; +6,11%), Гродзенскай — 2.275,5 (2.118,7; +7,4%), Брэсцкай — 2.259,7 (2.103; +7,45%), Магілёўскай — 2.156 (2.014,7; +7,01%), Віцебскай — 2.143,1 (2.011; +6,57%).

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 4%.

Падзяліцца: