Мінск 22:09

Перарэгістраваная Гродзенская дыяцэзія Рымска-каталіцкага касцёла

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак і біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй
Фота: Гродзенская дыяцэзія

16 траўня, Позірк. Гродзенская дыяцэзія Рымска-каталіцкага касцёла прайшла перарэгістрацыю ў якасці рэлігійнага аб’яднання.

Згодна з інфармацыяй на дыяцэзіяльным сайце, 15 траўня ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак перадаў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю.

Каля месяца таму стала вядома, што першай з беларускіх каталіцкіх тэрытарыяльна-адміністрацыйных супольнасцяў прайшла перарэгістрацыю Мінска-Магілёўская архідыяцэзія.

Апрача згаданых у Беларусі дзейнічаюць яшчэ дзве дыяцэзіі — Віцебская і Пінская (усе яны, як і архідыяцэзія, не залежаць адна ад адной і падпарадкоўваюцца наўпрост Святому Пасаду). Інфармацыі пра тое, ці прайшлі гэтыя структуры перарэгістрацыю, пакуль няма.

Летась у верасні стала вядома, што Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) першым прайшоў перарэгістрацыю, прадугледжаную законам “Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый” ад 30 снежня 2023 года. Астатнія рэлігійныя арганізацыі павінны перадаць матэрыялы для перарэгістрацыі не пазней за 5 ліпеня 2025-га.

Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Мінскі гарадскі і шэсць абласных выканкамаў павінны ўнесці звесткі пра рэлігійныя арганізацыі ў Адзіны дзяржрэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) да 1 студзеня 2026 года.

Згаданым законам сярод іншага ўнесеныя папраўкі ў закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, што фактычна забараняюць гэтым арганізацыям праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў.

Дакумент забараняе “выкарыстанне ў месцах набажэнстваў любой сімволікі, акрамя рэлігійнай, размяшчэнне тэкстаў і малюнкаў, накіраваных на распальванне рэлігійнай варожасці і варажнечы”. Рэлігійным арганізацыям забараняецца займацца дзейнасцю, скіраванай “супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды” (так можа быць расцэненая любая праява нелаяльнасці), палітычнай дзейнасцю, удзельнічаць у працы палітычных партый.

Карэктаваннем заканадаўства і патрабаваннем да рэлігійных арганізацый прайсці перарэгістрацыю, як мяркуецца, улады адказалі на тое, што многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, які ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый.

Пасля тых падзей у БПЦ і каталіцкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (лічыцца галоўнай, але насамрэч такой не з’яўляецца) з’мянілася кіраўніцтва, якое публічна ставіцца лаяльна да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 года да 28 красавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 89 хрысціянскіх служыцеляў: каталіцкага касцёла — 34, евангельскіх цэркваў — 30, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Падзяліцца: