Каталікос усіх армян Гарэгін II асвяціць першы ў Беларусі храм Армянскай апостальскай царквы

17 траўня, Позірк. Кіраўнік Армянскай апостальскай царквы (ААЦ) Гарэгін II 17 траўня накіраваўся ў Мінск, паведамляе інфармагенцтва “Навіны Арменіі”.
Паводле інфармацыі медыя, 18 траўня каталікос усіх армян узначаліць цырымонію асвячэння першага ў Беларусі храма гэтай старажытнаўсходняй міяфізіцкай царквы.
Адзначаецца, што візіт пройдзе на запрашэнне Расійскай і Нова-Нахічэванскай епархіі ААЦ, у юрысдыкцыю якой уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія (большая частка), Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.
Дзяржагенцтва БелТА са спасылкай на намесніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргея Герасіменю паведаміла, што для Беларусі прыезд Гарэгіна II значны, паколькі гэта першы ў гісторыі краіны візіт кіраўніка ААЦ.
Паводле слоў чыноўніка, храм, які асвяціць іерарх, пабудаваны за тры гады на вул. Філімонава ў Мінску сіламі армянскай супольнасці.
“Храм Святога Грыгорыя Асветніка Армянскай апостальскай царквы невялікі. Ён разлічаны на адначасовае наведванне 75 прыхаджан. Агулам у нашай краіне пражывае каля 9 тыс. армян, дзейнічаюць шэсць нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў армянскіх супольнасцяў”, — заявіў Герасіменя.
6 верасня 2024 года кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў наведвалі месца будаўніцтва армянскай царквы ў сталіцы і сустракаліся з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.
Разам з тым на ўзроўні ўладаў у Беларусі і Арменіі абвостраныя стасункі — фактычна праз супрацу Мінска і Баку, у тым ліку ў вайсковай сферы, рыторыку па сітуацыі вакол Нагорнага Карабаха.
Найбольш вострыя фазы апошняга этапа азербайджанска-армянскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаха адбыліся напрыканцы 2020 года і напрыканцы 2023-га.
Увосень 2023 года Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Згодна з рашэннем кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР), самаабвешчаная дзяржава спыніла існаванне 1 студзеня 2024 года.
Арменія, якая выступала на баку НКР, раскрытыкавала Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) за адсутнасць падтрымкі і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці ваенна-палітычнага блока (ад удзелу ў пасяджэннях да фінансавання). Армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян 22 траўня 2024 года заявіў у парламенце, што “мінімум дзве краіны — члена АДКБ <…> удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць” Арменіі. Ён не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку.
13 чэрвеня 2024-га кіраўнік армянскага ўрада заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксце заяў беларускага палітыка пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
У тым жа месяцы Ерэван адклікаў з Мінска свайго амбасадара Разміка Хумарана, пасля пацвердзіўшы, што не мае намеру яго вяртаць (у красавіку 2025-га Лукашэнка вызваліў Аляксандра Канюка ад пасады амбасадара ў Арменіі, новы дагэтуль не прызначаны).
26 снежня Пашынян папярэдзіў, што не мае намеру прыязджаць у 2025 годзе ў Беларусь на саміт Еўразійскага эканамічнага саюза.

- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 10 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа чатыры гады фермерскія гаспадаркі павялічылі сельгасвытворчасць на чвэрць (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь у красавіку лідзіравала ў ЕАЭС па падаражэнні прампрадукцыі з пачатку года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ красавіку Беларусь была на другім месцы ў ЕАЭС у росце цэн на сельгаспрадукцыю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка