Мінск 01:30

Прадстаўнікам мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра забаранілі гандляваць каля царквы ў Рыме

Крыніца: "Хрысціянская візія"

18 траўня, Позірк. Прадстаўнікоў мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра, які падтрымлівае вайну супраць Украіны, 17 траўня “прагналі ад царквы ў Рыме”, паведамляе тэлеграм-канал “Хрысціянская візія”.

“Сясцёр Свята-Елісавецінскага манастыра заўважылі гандлюючымі лацінскімі царкоўнымі ўборамі каля царквы Мадонна Перпетуа Сакорса, якая знаходзіцца ў цэнтры Рыма — недалёка ад базылікі Санта-Марыя-Маджорэ. Царква выкарыстоўваецца ордэнам рэдэмпарыстаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што да згаданага ордэну належаць двое грэка-каталіцкіх украінскіх святароў з акупаванага Бярдзянска Іван Лявіцкі і Багдан Гелета, якія “два гады правялі ў расійскім палоне, падвяргаліся здзекам і катаванням і ў чэрвені 2024 года былі вызваленыя ў рамках абмену”.

“Тое, што прадстаўніцы манастыра, які падтрымлівае расійскую агрэсію і дапамагае расійскай арміі, разгарнулі сваю гандлёвую кропку каля храма, не магло не выклікаць абурэння ўкраінскіх і беларускіх вернікаў, і яны звярнуліся да кіраўніцтва царквы”, — паведамляе тэлеграм-канал.

У выніку “скаардынаваных дзеянняў” вернікаў кіраўніцтва рымская царквы прыняло рашэнне “прагнаць гандлюючых з храма”.

Свята-Елісавецінскі манастыр адкрыта падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію ва Украіне і аказвае дапамогу расійскаму войску, не маючы за гэта ніякіх нараканняў з боку дзяржавы.

Паводле інфармацыі кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, прыстанак “арганізуе канцэрты ў падтрымку расійскай арміі і збірае харчы і сродкі для расійскіх вайскоўцаў”. Публічна манастыр паведамляе пра “гуманітарную дапамогу” жыхарам Данбаса.

У траўні 2023 года манастыр заявіў аб правядзенні ў Мінску канцэрта ў падтрымку “шпіталяў і параненых байцоў рускай арміі, якія ўдзельнічаюць у спецаперацыі”. Адзначалася, што сабраныя сродкі пойдуць на “закупку медабсталявання і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбаса”. Анонс канцэрта быў адзначаны хэштэгам “Сваіх не кідаем”, папулярным у расійскай прапаганды. На афішы мерапрыемства намалявалі лацінскую літару Z — сімвал уварвання РФ ва Украіну.

Наведваючы манастыр на Раство Хрыстова, 7 студзеня 2023 года, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расійскіх вайскоўцаў на фронце. “Вы робіце слушна. Не зважайце на дзясятак-другі праплачаных людзей. <…> Мы дапамагаем нашым рускім братам”, — заявіў ён.

Адначасова манастыр, які шырока вырабляе харчовую і рамесную прадукцыю на сваім падворку і афіляванай фермерскай гаспадарцы, актыўна ўдзельнічае ў хрысціянскіх выставах у Еўропе, у апошнія гады ўсё часцей сутыкаючыся з адменамі паездак з боку арганізатараў.

Падзяліцца: