Мінск 20:17

Пасля ўводу БелАЭС цана на электраэнергію працягвае расці насуперак абяцанням уладаў

Фота: pixabay.com

19 траўня, Позірк. Сярэдняя цана на электраэнергію (у разліку за 100 кВт.г) у Беларусі ў першым квартале 2025 года склала 27,34 рубля — на 8,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (25,11), сведчыць праведзены Позіркам” аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені — сакавіку 2023-га яна была 24,12 рубля. Такім чынам, за два гады цана вырасла на 13,3%.

Плата за 1 літр бензіну і дызельнага паліва вырасла за год адпаведна на 3,9% (да 2,4 рубля з 2,31) і на 3,8% (да 2,45 з 2,36).

Вуглевадародны звадкаваны газ за балон аб’ёмам 50 л падаражэў да 24,11 рубля (22,91; +5,2%), гарачае водазабеспячэнне (у месяц з аднаго чалавека) за год не змянілася — 7,67 рубля, кошт ацяплення вырас да 0,47 рубля за 1 кв. м (0,48; -2,1%).

Белстат таксама адзначае, што спажыванне энергарэсурсаў за 12 месяцаў павялічылася: бензіну — на 6,9% (з 171,9 да 183,7 тыс. т), дызельнага паліва — на 3% (з 142,9 да 147,2 тыс. т), электраэнергіі — на 6,6% (з 2.118,6 да 2.259,4 млн кВт.г); прыроднага газу — знізілася на 2,3% (з 869,7 да 850 млн куб. м), вуглевадароднага звадкаванага газу — на 8,6% (з 26,7 да 24,4 тыс. т), цеплаэнергіі — на 2,2% (з 10.596,2 да 10.365,8 тыс. Гкал).

Беларускія ўлады і прапаганда з моманту ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзвядзенне АЭС вельмі выгадна для жыхароў Беларусі.

У 2018 годзе намесніца міністра энэргетыкі Вольга Пруднікава адзначала, што “з пункту гледжання ўспрымання як рэальным сектарам эканомікі, так і насельніцтвам тарыфы пасля ўводу атамнай станцыі не павінны павялічыцца”.

“Спецыялісты ўжо падлічылі, наколькі знізіцца сабекошт выпрацоўкі электраэнергіі ў цэлым па краіне з уводам атамнай станцыі. Цяпер вызначаецца, якім чынам будуць зніжаныя тарыфы для рэальнага сектара эканомікі”, — заяўляў у тым жа годзе Міхаіл Міхадзюк, які таксама займаў тады пасаду намесніка міністра энергетыкі.

Будаўніцтва Беларускай АЭС завяршылася ўвосень 2023 года. Першы энергаблок сілкуе энергасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна. Паводле сцвярджэння ўладаў, станцыя пакрывае 40% патрэбы Беларусі ў электраэнэргіі.

Падзяліцца: