Мінск 00:21

Глава Мінпрыроды Масляк прапанаваў здабываць рэдказямельныя элементы з адкідаў

Фота: sb.by

20 траўня, Позірк. Здабываць рэдказямельныя элементы з адкідаў прапанаваў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 20 траўня, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.

Паводле яго слоў, за мінулы год у Беларусі ўтварылася каля 60 млн тон адкідаў, з якіх 56 млн тон — прамысловыя, большая іх частка — фосфагіпс. Гэты від адкідаў, паведаміў міністр, утвараецца на Гомельскім хімічным заводзе, з яго можна здабываць рэдказямельныя металы.

Цяпер у Беларусі назапашана больш за 26 млн тон фосфагіпсу, падкрэсліў Масляк. Прыблізна столькі ж складаюць галітавыя адкіды, што ўтвараюцца на “Беларуськаліі” ў Салігорску (Мінская вобласць). Паводле слоў чыноўніка, галітавыя адкіды могуць выкарыстоўвацца як угнаенні і як “стабілізуючы матэрыял у дарожным будаўніцтве”.

У Беларусі вядуцца пошукі рэдказямельных металаў, паведаміў Масляк 6 красавіка ў эфіры канала ОНТ. Пры гэтым ён адзначыў, што неабходны эканамічны аналіз, “бо, магчыма, прасцей сёння гэта набыць іх за мяжой — гэта і танней, і больш эфектыўна”.

На тэрыторыі Беларусі “ёсць перспектывы выяўлення радовішчаў з рэдказямельнымі металамі і элементамі”, заявіў намкіраўніка Мінпрыроды Віктар Галанаў 25 сакавіка ў Маскве на галіновай канферэнцыі “Рэдкія і рэдказямельныя металы”.

“[Работы] знаходзяцца на пачатковай стадыі вывучанасці і патрабуюць далейшых даследаванняў з улікам стану рынку і магчымасцяў айчынных прамысловых прадпрыемстваў”, — сказаў ён.

24 сакавіка Масляк абмеркаваў у Маскве з намміністра прыродных рэсурсаў і экалогіі Расіі Дзмітрыем Цеценькіным “мінеральна-сыравінны патэнцыял рэдказямельных металаў Беларусі і Расіі, тэхналогіі і абсталяваннне, якое выкарыстоўваецца для здабычы і перапрацоўкі рэдказямельных металаў, патэнцыял здабычы рэдказямельных металаў з адкідаў нетракарыстання і прамысловасці, кірункі супрацы ў галіне разведкі, здабычы і перапрацоўкі рэдказямельных металаў”.

9 сакавіка ў эфіры дзяржаўнага ТБ намеснік генеральнага дырэктара Навукова-вытворчага цэнтра (НВЦ) у геалогіі Васіль Колб заявіў, што ў Беларусі ёсць шэраг рэдказямельных элементаў і элементаў, і, каб пачаць іх здабычу, неабходна правесці поўны комплекс геолага-разведвальных работ з мэтай вызначэння глыбіні залягання.

Рэдказямельныя металы і элементы, у прыватнасці, малібдэн і тулій на тэрыторыі Беларусі былі выяўленыя ў савецкі час.

Шукаць рэдказямельныя матэрыялы Аляксандр Лукашэнка даручыў Мінпрыроды на нарадзе па кадравых пытаннях 4 сакавіка.

Падзяліцца: