Мінск 00:10

Рассельгаснагляд не прапусціў партыю мясных і малочных прадуктаў з Беларусі

Фота: Рассельгаснагляд

20 траўня, Позірк. Аб прадухіленні нелегальных паставак у Расію мясных і малочных прадуктаў з Беларусі паведаміла ўпраўленне Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях.

Як адзначаецца, на мінулым тыдні падчас “міжведамасных мерапрыемстваў па спыненні каналаў незаконнага перамяшчэння прадукцыі жывёльнага паходжання” прыпынены рух трох аўтамабіляў. У іх, “абыходзячы афіцыйныя пункты ветэрынарнага кантролю, перавозілася розная гатовая мясная і малочная прадукцыя агульнай вагой каля дзвюх тон”.

Падчас праверак высветлілася, што ва ўсіх выпадках у перавозчыкаў “адсутнічалі якія-небудзь ветэрынарныя суправаджальныя дакументы”, якія пацвярджаюць “якасць і бяспеку” грузаў, паведамляе ведамства.

Акрамя таго, прадукцыя, як сцвярджае Рассельгаснагляд, перавозілася “без ажыццяўлення кантролю тэмпературных рэжымаў перавозкі, у нездавальняючых санітарных умовах, навалам, у аўтамабілях, не прызначаных для транспарціроўкі харчовай прадукцыі”.

Усе грузы вернуты ў Беларусь. “Парушальнікі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі Рассельгаснагляду, з пачатку года ў Беларусь вернута каля 10 тон рознай жывёлагадоўчай прадукцыі, якая перамяшчалася без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, у тым ліку абыходзячы афіцыйныя пункты ветэрынарнага кантролю.

6 траўня паведамлялася пра затрыманне ў Пскоўскай вобласці 1,8 тоны “гатовай мясной прадукцыі” — сардэлек з цяляцінай, якія з Беларусі ў РФ перавозілі з “парушэннем ветэрынарна-санітарных правілаў”.

21 красавіка ў гэтым жа рэгіёне спынілі фуру, якая накіроўвалася з Беларусі. У ёй знаходзілася больш за 20 тон аўстралійскай серыялелы (разам з некаторымі іншымі відамі рыбы вядомая пад зборнай назвай “алейная рыба”), вырабленай прадпрыемствам з Новай Зеландыі (тавар, як сцвярджалася, знішчылі).

20 сакавіка паведамлялася, што віцебскія мытнікі спынілі спробу вывазу ў РФ 13 т астуджанага ласося коштам амаль 900 тыс. рублёў. Па дакументах у грузавіку павінны былі быць ванільныя сушкі.

6 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў аб спробе вывазу з Беларусі ў РФ буйной партыі астуджанага ласося. Парушэнне патрабаванняў транспарціроўкі рыбнай прадукцыі было зафіксаванае гомельскімі мытнікамі “пры правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў паблізу беларуска-расійскага ўчастка мяжы”.

Падзяліцца: