Мінск 09:20

Ціханоўская ў дзень 33-годдзя Ігара Лосіка заклікала гаварыць і памятаць пра палітвязняў

Крыніца: сайт ПЦ "Вясна"

20 траўня, Позірк. Палітвязень Ігар Лосік 20 траўня “сустракае дзень народзінаў у поўнай ізаляцыі”, больш за 800 дзён ён абыходзіцца ў няволі “без тэлефанаванняў, без лістоў, без сустрэч”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале з нагоды 33-годдзя асуджанага блогера і журналіста.

“Гэты чалавек, які сам быў голасам для тысяч беларусаў, зараз знаходзіцца ў поўнай цішыні. Менавіта таму, што ён умеў казаць так, каб чулі”, — адзначыла палітык.

Паводле слоў Ціханоўскай, Лосік — “адзін з тых журналістаў, хто з усмешкай на твары ўпарта імкнуўся да праўды, празрыстасці і справядлівасці, нягледзячы на пагрозы і небяспеку”. “Ён тлумачыў, жартаваў, крытыкаваў, натхняў. І рабіў гэта з рэдкім спалучэннем дакладнасці і іроніі. Усё гэта рэжым [Аляксандра Лукашэнка] палічыў такой вялізнай для сябе пагрозай, што не толькі пазбавіў яго волі, але і зрабіў усё, каб ён знік з публічнай прасторы. Каб яго голас заціх”, — падкрэсліла дэмлідар.

“Але нават маўчанне Ігара сёння гучыць. Мы — усе, хто чытаў яго тэксты, слухаў яго думкі — памятаем. Мы ўзгадваем яго тонкія назіранні, яго здольнасць бачыць галоўнае, яго адданасць ісціне. Я ведаю, як многія сёння думаюць: “А што б сказаў Ігар?” Гэта значыць, ён з намі. Нягледзячы на ўсе спробы ізаляваць яго ад свету”, — дадала Ціханоўская.

Палітык звярнула ўвагу, што дачка палітвязня “расце, чакаючы бацьку з месца, дзе ён не павінен быў апынуцца ўвогуле”. “Гэта неапісальнае выпрабаванне для любой сям’і. Калі мы з дзецьмі гаворым пра Сяргея [Ціханаўскага], я бачу ў іх вачах той боль, які можа загаіць толькі ўз’яднанне з роднымі. І я вельмі хачу, каб як мага хутчэй сям’я Лосікаў была разам”, — заявіла палітык.

“Ігар — як і Сяргей [Ціханаўскі], як і Віктар [Бабарыка], Маша [Калеснікава], Максім [Знак], Мікалай [Статкевіч] — зараз у зняволенні. Але мы вольныя казаць пра іх. Пішыце. Кажыце. Памятайце. Пакуль нашыя сэрцы з палітвязнямі, ніякая турма не зможа іх зламаць”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Адміністратар тэлеграм-канала “Беларусь галаўнога мозгу” Лосік — фігурант “справы Ціханоўскага” — 14 снежня 2021 года быў прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК. Утрымліваецца ў ПК № 1 (Наваполацк, Віцебская вобласць) у рэжыме інкамунікада.

На той момант яго жонка Дар’я Лосік пасля затрымання 18 кастрычніка 2022 года была прыгавораная паводле ч. 1 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да двух гадоў пазбаўлення волі за інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. Выйшла на волю праз памілаванне 3 ліпеня 2024 г. незадоўга да заканчэння тэрміну зняволення. Шлюб быў скасаваны, калі жанчына знаходзілася ў зняволенні, з яе ініцыятывы, паведамлялі СМІ.

9 траўня стала вядома пра затрыманне 25-гадовага Мікіты Лосіка — малодшага брата Ігара Лосіка, які пражываў у Оршы (Віцебская вобласць).

Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”, дзе працаваў Лосік-старэйшы, брат змешчаны ў следчы ізалятар Віцебска. Супраць яго распачата справа за перадачу інфармацыі маніторынгаваму праекту “Беларускі Гаюн”.

19 траўня Мікіта Лосік быў прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітвязнем.

Падзяліцца: