Мінск 07:31

З Беларусі выдвараюць грамадзяніна Туркменістана, які здзейсніў ДТЗ у Брэсце

Фота: УУС Брэсцкага аблвыканкама

21 траўня, Позірк. Рашэнне аб высылцы з Беларусі “ў добраахвотным парадку” прынятае ў дачыненні да грамадзяніна Туркменістана, які здзейсніў “правапарушэнне ў частцы выканання правілаў дарожнага руху”, паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Удакладняецца, што замежніку ўстаноўлена забарона на ўезд у Беларусь тэрмінам на адзін год.

Працэдура “азнаямлення” туркменскага грамадзяніна з прынятым рашэннем была праведзеная супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС Брэста “публічна ў сценах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна”, адзначаецца ў паведамленні. “Дадзенае мерапрыемства”, як заяўляецца, стала “паказальным прыкладам для замежных студэнтаў, якія прысутнічалі на ім”.

“Малады чалавек, які падлягае высылцы, у нядаўнім мінулым таксама быў студэнтам гэтай навучальнай установы, некалькі гадоў таму скончыў яе. У Брэсце ён абзавёўся сям’ёй, атрымаў від на жыхарства, уладкаваўся на працу. Але так здарылася, што стаў удзельнікам дарожна-транспартнага здарэння, кіруючы аўтамабілем, не маючы пасведчання кіроўцы. Гэтая акалічнасць паслужыла падставай для прымянення да яго такой меры ўздзеяння”, — адзначае абласное УУС.

Сцвярджаецца, што праз год “хлопец плануе вярнуцца ў Беларусь і працягваць жыць у Брэсце з сям’ёй, не здзяйсняючы ранейшых памылак з законам”.

Падчас згаданага “мерапрыемства” аб яго значэнні замежным студэнтам паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення грамадзянства і міграцыі (УГіМ) УУС Вадзім Ровенскі. “Ён ўказаў, што для замежных грамадзян у нашай краіне створаныя добрыя ўмовы для пражывання, атрымання адукацыі, працы. Аднак ад іх патрабуецца і выкананне законаў Рэспублікі Беларусь. Ён выказаў надзею на тое, што адмоўны прыклад героя мерапрыемства дазволіць ім лепш разумець адказнасць і важнасць выканання ўстаноўленых правілаў”, — гаворыцца ў рэлізе.

Паводле слоў старэйшага інспектара УГіМ Крысціны Ласіцы, “дадзенае мерапрыемства было праведзенае з прафілактычнай мэтай”, каб “яшчэ раз нагадаць” замежнікам аб “неабходнасці выканання дзеючага заканадаўства”.

19 траўня паведамлялася аб выдварэнні з Беларусі двух студэнтаў з Марока, якія ўчынілі бойку ў Гомелі. У дачыненні да іх таксама былі праведзеныя працэдуры “публічных высылак <…> па месцах вучобы, а таксама ў тэрытарыяльным падраздзяленні міліцыі”.

Бойка паміж грамадзянамі Марока адбылася ў Гомелі ў ноч на 22 красавіка. Па версіі МУС, замежнікі “высвятлялі адносіны з-за бытавога канфлікту”.

22 красавіка МУС выступіла з заявай, у якой папярэдзіла аб незаконнасці распаўсюджвання “фэйкаў, якія спараджаюць паніку і распальваюць міжнацыянальную варожасць”.

Перад гэтым адзін з праўладных тэлеграм-каналаў абурыўся нібыта распаўсюджанымі ў сацсетках “дэструктыўнымі сіламі” чуткамі аб тым, што бойка адбылася паміж прадстаўнікамі “першага дэсанту са 150 тыс. пакістанцаў”, пра прапрацоўку магчымасці прыбыцця якіх у Беларусь заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка ў Мінску на сустрэчы з дэлегацыяй на чале з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам.

На думку канала, “медыйны псіхоз выкананы па тых жа лякалах, што і некалькі гадоў таму, калі нагняталі сітуацыю, што панаедуць кітайскія рабочыя і ўсё тут захопяць”. Са спасылкай на набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал тады было абвешчана, што “за асабліва гаваркімі бруднаротымі каментатарамі ўжо выехалі супрацоўнікі міліцыі”.

У сувязі з тым, што здарылася, МУС заявіла, што “нягледзячы на значнае павелічэнне колькасці гасцей, якія ўязджаюць у краіну, рост злачыннасці з іх удзелам не зафіксаваны”.

Падзяліцца: