Мінск 22:33

МЗС назваў “бяздарнай імітацыяй бурнай дзейнасці” павышэнне ЕС пошлін на беларускую сельгаспрадукцыю

Будынак Міністэрства замежных спраў Беларусі
Фота: МЗС

23 траўня, Позірк. Павялічваючы стаўкі ўвазных мытных пошлін на беларускую прадукцыю, Еўрапейскі саюз “карае выключна ўласных вытворцаў і спажыўцоў”, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Руслан Варанкоў, каментуючы на сайце ведамства зацвярджэнне Еўрапарламентам павышэння тарыфаў на ўгнаенні і некаторыя сельскагаспадарчыя тавары з Беларусі і РФ.

Такімі мерамі, паводле сцвярджэння Варанкова, ЕС “падлівае алею ў агонь сацыяльнай незадаволенасці замест барацьбы з блізкай эканамічнай рэцэсіяй і інфляцыяй на фоне рэзкага павелічэння выдаткаў на ваенна-прамысловы комплекс”.

Рэалізацыя згаданага рашэння, сказаў прадстаўнік МЗС, пазбавіць грамадзян краін Еўрасаюза “доступу да якаснай, недарагой і канкурэнтаздольнай прадукцыі беларускага паходжання — у першую чаргу, сельгаспрадукцыі і азотных угнаенняў”.

Гэта прывядзе да “чарговага скачка цэн на прадукты харчавання ў ЕС, знішчэння працоўных месцаў у аграрнай галіне і далейшага зніжэння ўзроўню жыцця” грамадзян краін ЕС, адзначыў прэс-сакратар ведамства.

Беларусь, паводле яго слоў, “як надзейны пастаўшчык, працягне працу па дыверсіфікацыі экспарту”. “Рацыянальнасць гэтай стратэгіі пацвярджаецца ростам аб’ёмаў паставак, напрыклад, у Расію, краіны Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу”, — дадаў ён.

Варанкоў абвінаваціў еўрапейскіх палітыкаў у “дкрытым гандлёвым пратэкцыянізме нядобрасумленнай канкурэнцыі і бяздарнай імітацыі бурнай дзейнасці”, назваўшы “фальшывымі” іх заявы аб стымуляванні ўласнай вытворчасці сельгаспрадукцыі. Адначасова ён заклікаў да дыялогу для знаходжання рашэнняў, “якія адказваюць інтарэсам усіх бакоў”.

Прэс-служба ЕП 22 траўня паведаміла, што рашэнне аб падвышэнні мытаў на ўгнаенні і сельскагаспадарчыя тавары з Беларусі і РФ прынятае для таго, каб яшчэ больш “знізіць залежнасць ЕС ад гэтых імпартаў”.

“Парламент зацвердзіў прапанову Еўрапейскай камісіі павялічыць на 50% пошліны ЕС на сельгаспрадукцыю з Расіі і Беларусі, якая раней не абкладалася дадатковымі мытнымі зборамі. <…> Пад новыя пошліны трапяць, у прыватнасці, цукар, воцат, мука і кармы для жывёл”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, “прадугледжаныя мыты сумай 6,5% на ўгнаенні, імпартаваныя з Беларусі і РФ, а таксама зборы ад 40 да 45 еўраў за тону ў перыяд 2025–2026 гадоў”. “Да 2028 года гэтыя пошліны вырастуць да 430 еўра за тону. Даходы ад продажу расійскіх і беларускіх угнаенняў лічацца прама спрыяльнымі фінансаванню вайны супраць Украіны”, — адзначыла прэс-служба ЕП.

Падкрэсліваецца, што гэтыя меры “істотна скароцяць імпарт у ЕС адпаведных тавараў, незалежна ад таго, ці паступаюць яны наўпрост ці ўскосна з Расіі і Беларусі”. Усё гэта, як чакаецца, “прывядзе да далейшай дыверсіфікацыі вытворчасці угнаенняў у ЕС, якое ў цяперашні час пакутуе з-за нізкіх коштаў на імпартную прадукцыю”.

На Еўракамісію ўскладзены абавязак “сачыць за ростам цэн і магчымай шкодай для ўнутранага рынку або сельскай гаспадаркі ЕС, а таксама прымаць меры па змякчэнні наступстваў”.

За павышэнне пошлін прагаласавала 411 еўрапарламентарыяў, супраць выказалася 100, устрымалася — 78.

Пасля адабрэння Еўрапарламента рашэнне павінна быць зацверджана Саветам ЕС і апублікавана ў Афіцыйным часопісе ЕС.

Падзяліцца: