Мінск 07:18

Лукашэнка жадае дзе б там ні было сустрэцца з прэзідэнтам Эфіопіі

Прэзідэнт Эфіопіі Тае Ацке-Селасіе
Архіўнае відэа: Kenya Digital News / стоп-кадр: "Позірк"

28 траўня, Позірк. Зацікаўленасць у “пашырэнні двухбаковай супрацы ў галінах эканомікі, адукацыі, культуры і спорту” пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 28 траўня прэзідэнта Эфіопіі Тае Ацке-Селасіе з Днём усталявання міру і дэмакратыі.

Паводле слоў віншавальніка, якія прыводзіць яго прэс-служба, Беларусь мае “практычны досвед рэалізацыі праектаў на Афрыканскім кантыненце” і гатовая “прапанаваць эфіёпскім партнёрам свае кампетэнцыі ў працэсах механізацыі сельскай гаспадаркі і гарантавання харчовай бяспекі, а таксама ў горназдабыўной прамысловасці, медыцыне, інфармацыйных тэхналогіях”.

“Буду рады сустрэцца з вамі ў Мінску, Адыс-Абебе або на пляцоўках ААН, Руху недалучэння і БРІКС для дэталёвага абмеркавання шляхоў паглыблення беларуска-эфіёпскіх сувязей”, — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь “надае вялікае значэнне паглыбленню стасункаў” з Эфіопіяй і падзяляе з ёй “погляды на актуальныя пытанні і падзеі, што адбываюцца на міжнароднай арэне”. “Нашыя краіны разам выступаюць за ўмацаванне шматпалярнага свету, дэманструюць прыхільнасць згодзе, справядлівасці і ўстойліваму развіццю”, — сцвярджае палітык.

Варта адзначыць, што летась у кастрычніку Лукашэнка ўжо запрашаў Тае Ацке-Селасіе наведаць Беларусь.

Віншуючы прэм’ер-міністра Эфіопіі Абія Ахмеда, беларускі палітык заявіў, што “з цеплынёй узгадвае” іх сустрэчу, якая адбылася летась у кастрычніку на саміце БРІКС у Казані. Лукашэнка пацвердзіў “нязменную прыхільнасць да паглыблення двухбаковых міждзяржаўных стасункаў”, заявіў, што разлічвае на “пашырэнне супрацы” ў “эканоміцы, гандлі, гарантаванні харчовай бяспекі, тэхналагічнай, гуманітарнай і іншых галінах”. Віншавальнік выказаў зацікаўленасць у “далейшых кантактах” з кіраўніком эфіёпскага ўрада і гатовы прыняць у Мінску дэлегацыю высокага ўзроўню “ў зручны час”.

Сёлета у красавіку Эфіопію наведваў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. У рамках візіту чыноўнік правёў шэраг сустрэч у розных ведамствах краіны.

Мінск і Адыс-Абеба ўсталявалі дыпламатычныя стасункі ў 1994 годзе. Інтарэсы Беларусі ў Эфіопіі прадстаўляе амбасадар, асноўным месцам службы якога з’яўляецца Кенія.

Паводле звестак МЗС, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 1,3 млн долараў. Актуальныя даныя на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства не выкладзеныя.

Эфіопія з’яўляецца парламенцкай рэспублікай, прэзідэнт у сістэме дзяржкіравання выконвае пераважна прадстаўнічыя функцыі.

Падзяліцца: