Мінск 19:08

З 2022 года пастаўкі азотных угнаенняў з Беларусі ў Германію павялічыліся ў 120 разоў

29 траўня, Позірк. З пачатку 2025 года Германія імпартавала азотных угнаенняў з Беларусі на 1,3 млн еўра — гэта столькі ж, колькі за ўвесь 2024 год, сведчаць даныя Федэральнага міністэрства харчавання і сельскай гаспадаркі, прадастаўленыя Deutsche Welle.

З пачатку гэтага года Германія імпартавала 3.168,9 тон азотных угнаенняў на агульную суму 1,3 млн еўра. У 2024 годзе пастаўкі склалі 3.275,1 тон на суму 1,3 млн еўра. Разам з тым,за 2023 год Беларусь паставіла ў Германію 2.533, 6 тон угнаенняў на суму 830 тысяч еўра, а за 2022-ы — толькі 26,4 тон на 19 тыс.еўра. 

Адпаведна, з 2022 года пастаўкі азотных угнаенняў з Беларусі ў Германію павялічыліся ў 120 разоў. Доля Беларусі ў пастаўках азотных угнаенняў у Германію за 2025 год складае 0,3%. 

Колькасць паставак калійных угнаенняў з Беларусі ў Германію з 2022 года роўная нулю з-за ўведзеных ЕС сектаральных санкцый у чэрвені 2021 года.

22 траўня члены Еўрапейскага парламента (ЕП) адобрылі павышэнне пошлін на ўгнаенні і некаторыя сельскагаспадарчыя тавары з Беларусі і РФ.

Рашэннем “прадугледжаны пошліны ў памеры 6,5% на ўгнаенні, імпартаваныя з Беларусі і РФ, а таксама зборы ад 40 да 45 еўра за тону ў перыяд 2025–2026 гадоў“. Да 2028 года гэтыя пошліны вырастуць да 430 еўра за тону. Даходы ад продажу расійскіх і беларускіх угнаенняў лічацца прама спрыяльнымі фінансаванню вайны супраць Украіны.

7 кастрычніка 2024 года паведамлялася, што Беларусь па выніках першага паўгоддзя знаходзілася на трэцім месцы па аб’ёме паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы Расіі і Германіі, але апярэджваючы Літву, Алжыр, Венгрыю, Нідэрланды, Казахстан і Нігерыю.

14 сакавіка паведамлялася, што Савет Еўрапейскага саюза выпрацаваў пазіцыю на маючых адбыцца перамовах з Еўрапейскім парламентам па рэгламенце, які ўвядзе пошліны на сельскагаспадарчую прадукцыю з Расіі і Беларусі, а таксама на некаторыя азотныя ўгнаенні.

Падзяліцца: