Ад пачатку года на дарогах Беларусі загінула 10 дзяцей, яшчэ 142 траўмавана — МУС

30 траўня, Позірк. Ад пачатку 2025 года на дарогах Беларусі загінула 10 дзяцей, яшчэ 142 траўмавана, паведамляе прэс-служба МУС са спасылкай на начальніцу аддзялення Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Вераніку Раманькову.
Відэакаментарый прадстаўніцы ДАІ апублікаваны 30 траўня, у “адзіны дзень бяспекі дарожнага руху”, які прысвечаны “прадухіленню траўматызму непаўналетніх, праблеме гарантавання іх бяспекі на дарозе і ў транспарце”.
“Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі засяродзяць увагу на правядзенні прафілактычнай працы сярод дзяцей і дарослых, — сказала Раманькова. — [Яны] нагадаюць пра важнасць выкарыстання рамянёў бяспекі і прылад для ўтрымання дзяцей, правілаў перасячэння праезнай часткі, бяспечнага перамяшчэння на роварах і сродках персанальнай мабільнасці”.
ДАІ, паводле слоў міліцэйскай чыноўніцы, заклікае бацькоў пераконвацца, што дзіця мае намер менавіта ў бяспечным месцы самастойна катацца на ровары або самакаце; выключыць “доступ падлеткаў да ключоў ад аўтамабіляў, матацыклаў і мапедаў”; рэгулярна нагадваць пра “бяспечныя паводзіны на дарозе”.
Паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, позна ўвечары 29 траўня ў Воранаўскім раёне ў аўтамабільнай аварыі пацярпелі ў тым ліку непаўналетнія.
“55-гадовы кіроўца аўтамабіля Mercedes у счэпцы з паўпрычэпам рухаўся на 58-м кіламетры аўтадарогі “Іўе — Тракелі — Радунь” з боку аграгарадка Пагародна ў напрамку гарадскога пасёлка Радунь, — гаворыцца ў паведамленні. — Пры выездзе з закруглення дарогі ён здзейсніў з’езд на правую па ходзе руху абочыну, у выніку чаго страціў кіраванне над аўтамабілем. У выніку, транспартны сродак апынуўся на паласе сустрэчнага руху, дзе здарылася лабавое сутыкненне з Audi пад кіраваннем 34-гадовага мужчыны”.
Адзначаецца, што кіроўцу Audi, яго 27-гадовую пасажырку і іх дваіх непаўналетніх дзяцей шпіталізавалі з пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці. Яшчэ адно дзіця — 2024 года нараджэння — загінула на месцы.
“Кіроўца грузавога аўтамабіля ўцёк з месца здарэння, аднак неўзабаве быў затрыманы міліцыяй паблізу аграгарадка Пагародна. На момант затрымання грамадзянін знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення”, — паведаміла абласная міліцыя, дадаўшы, што па факце аварыі распачатая крымінальная справа.

- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 27–30 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваМУС рэкамендуе прыбываць на святочныя мерапрыемствы 3 ліпеня загадзя — праз надгляд і абмежаванне руху (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка