На фоне вучэнняў “Захад-2025” Літва падвысіць гатоўнасць арміі

30 траўня, Позірк. У якасці рэакцыі на беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”, запланаваныя на пачатак восені, гатоўнасць літоўскай арміі будзе падвышаная, паведаміў у інтэрв’ю інфармагенцтву BNS камандуючы Узброенымі сіламі Літвы Раймундас Вайкшнорас.
“Гатуемся паводле люстранога прынцыпу — “адлюстроўваць” гэтыя іх вучэнні, — сказаў ён. — Жнівень і верасень для нас будуць месяцамі падвышанай гатоўнасці, каб пазбегнуць любых эскалацыйных дзеянняў, а калі будуць правакацыі — каб мы маглі своечасова адрэагаваць”.
Падвышаная гатоўнасць, паводле слоў военачальніка, азначае, што “пастаянна будуць арганізоўвацца вучэнні”, а вайскоўцы ў гэтыя месяцы “не будуць сыходзіць у адпачынак”. “Кожнае падраздзяленне пройдзе свае трэніроўкі па гатоўнасці, будуць праведзеныя вучэнні па прызыве рэзервістаў, каб папоўніць структуру ваеннага часу, — адзначыў спікер. — Не на 100%, але ўзровень гатоўнасці падраздзяленняў, як паводле ўкамплектаванасці асабовым складам, так і паводле навучанасці, будзе вышэй за звычайны”.
“Будуць і камандна-штабныя вучэнні, арганізаваныя на ўзроўні армейскага камандавання, штабы сіл арганізуюць свае вучэнні, дойдзем да асобных падраздзяленняў, інтэгруючы сухапутныя, паветраныя і марскія сілы, іншае”, — дадаў ён.
Паводле слоў Вайкшнораса, у гэты ж час “удзел і ўвага” саюзнікаў да Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы будзе “большай, чым звычайна”. “Будзем сінхранізаваць свае вучэнні з нашымі саюзнікамі, — патлумачыў ён. — Чакаем большай увагі ў марской сферы, чакаем груп караблёў НАТО, чакаем больш баявой падрыхтоўкі з удзелам знішчальнікаў і бамбавікоў, як у Літве, так і ў іншых месцах. І, вядома, узаемадзеянне з Польшчай, Латвіяй, нашымі бліжэйшымі суседзямі”, — патлумачыў камандуючы УС Літвы.
Каментуючы заявы Мінабароны Беларусі пра тое, што параметры вучэнняў “Захад-2025” зніжаныя, а асноўныя манеўры перанесеныя ад мяжы ўглыб краіны, военачальнік адзначыў, што “знакі добрай волі гучаць палітычна правільна”, але ён не ведае, “на што яны арыентаваны”.
“Можа быць, на тое, што [у Беларусі] бачаць — могуць быць дасягнутыя дамоўленасці [па спыненні агню або міры ва Украіне], і тады ў спадара Аляксандра Лукашэнкі пачне “гарэць пад нагамі”, бо незразумела, што тады можа адбыцца. Яму, напэўна, трэба зменшыць напружанне і дээскалаваць сітуацыю, — сказаў Вайкшнорас. — З іншага боку, як мы ўжо транслявалі ад войска, для нас самі вучэнні — нічога новага. “Захад” праводзяцца кожныя два гады”.
“Так, іх адвядзенне ўглыб краіны, безумоўна, дае крыху больш свабоды для індыкатараў і сістэмы папярэджанняў, таму што прасцей загадзя заўважыць іх магчымыя агрэсіўныя дзеянні. Таксама памяншаецца рызыка інцыдэнтаў. Калі верыць іх словам, што нават і колькасць войскаў, што ўдзельнічаюць, будзе зніжаная, то, безумоўна, гэта нам таксама на руку. <…> Дээскалацыя дапамагла б усяму свету, усёй стабільнасці. У любым выпадку, мы ўсё адно назіраем за тым, што адбываецца, мы рыхтуемся”, — падкрэсліў ён.
Пры гэтым Вайкшнорас заявіў, што дакладнай інфармацыі пра колькасць войскаў, якія задзейнічаюць у вучэннях “Захад-2025”, у Літвы няма. На думку военачальніка, “усё вельмі залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя і баявыя дзеянні ва Украіне”.
“Пакуль украінцы трымаюць фронт, пакуль яны гераічна змагаюцца за сваю і нашу свабоду, ва Украіне сканцэнтраваныя вельмі вялікія расійскія сілы. Яны там літаральна “ўбетанаваныя”, — сказаў ён. — Вядома, ведаючы Расію, яны могуць на вучэнні “Захад” перакінуць маладых, не абавязкова дасведчаных салдат — тэрміноўцаў або мабілізаваных пачаткоўцаў, якія, можа быць, і выканаюць нейкія дзеянні, але больш будуць элементам дэманстрацыі сілы. Гэта не будуць сур’ёзныя баявыя падраздзяленні”.
“Аднак не варта падманвацца. Калі на зямлі сілы і будуць меншыя, то ў паветры, на моры, у той так званай трыядзе, дзе яны кожны раз трэніруюцца імітаваць выкарыстанне ядзернай зброі з паветра, мора і наземнымі сістэмамі — гэты элемент сапраўды можа быць”, — дадаў камандуючы УС Літвы.

- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаНа чварціну вырасла за год пратэрмінаваная запазычанасць фізічных асоб па крэдытах (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах за год вырасла амаль у 6 разоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБанкі за месяц павялічылі прыбытак амаль на траціну — даныя рэгулятара (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДэйкала: Адмена "пашпартнага ўказа" — адзін з першых крокаў, якія павінны быць зроблены ў кантэксце саступак ці перамоў з уладамі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка