Мінск 21:41

У Беларусь з РФ прыбыла партыя транспартна-баявых верталётаў Мі-35М

Фота: прэс-служба Мінабароны

30 траўня, Позірк. У рамках “вайскова-тэхнічнай супрацы з Расійскай Федэрацыяй” у Беларусь прыбыла партыя новых транспартна-баявых верталётаў Мі-35М, паведаміла 30 траўня прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, Мі-35М — гэта мадэрнізаваная версія баявога верталёта Мі-24. Гэтая мадэль, як сцвярджаецца, здольная выконваць “шырокі спектр задач: паражэнне жывой сілы і тэхнікі праціўніка, агнявая падтрымка, дэсантаванне, эвакуацыя параненых, выведка і транспартаванне грузаў”. Адзначаецца, што верталёт прызначаны для “ўсесезоннага, кругласутачнага прымянення ў любое надвор’е”.

З каментарыю начальніка галоўнага штаба — першага намесніка камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Сяргея Фралова вынікае, што партыя верталётаў паступіла ў 50-ю змешаную авіяцыйную базу (Мачулішчы, Мінскі раён) і “неўзабаве <…> заступіць на баявое дзяжурства”.

“Мы мусім адэкватна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы, якія сёння ў свеце адбываюцца. Але наша задача — гэта не гонка ўзбраення. Наша задача — пісьменнае, акуратнае планаванне пераўзбраення і адэкватнае рэагаванне на ўсе выклікі і пагрозы”, — заявіў Фралоў.

27 траўня Мінабароны паведаміла, што ў Беларусь з РФ прыбыла першая партыя знішчальнікаў Су-30СМ2.

Падзяліцца: