Мінск 23:59

Прадухіліць уварванне з Беларусі ва Украіну ці агрэсію супраць НАТО трэба “папераджальным санкцыйным ударам” — НАУ і АПК

Ілюстрацыя: pixabay.com

30 траўня, Позірк. Міжнародная супольнасць павінна “нанесці папераджальны санкцыйны ўдар, каб прадухіліць магчымае паўторнае ўварванне з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ці агрэсію супраць краін НАТО“, гаворыцца ў аналітычным дакладзе “Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі ў прадухіленні гэтага сцэнару”.

Дакумент падрыхтаваны Народным антыкрызісным упраўленнем (НАУ) і прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па транзіце ўлады.

“Стратэгія прэвентыўнага стрымлівання — праз санкцыі, блакаванне лагістычных вузлоў, падтрымку дэмакратычных сіл і ясныя міжнародныя сігналы — неабходная, каб не дапусціць новага вітка агрэсіі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, — мяркуюць аўтары дакладу. — Мэта прапанаваных мер — не проста пакаранне, а прадухіленне. Без актыўнай рэакцыі Беларусь зноў можа быць выкарыстаная як пляцоўка для дэстабілізацыі Еўропы”.

НАУ і АПК мяркуюць, што Захад “павінен накіраваць выразны сігнал” беларускім уладам аб тым, што любое садзейнічанне ваеннай агрэсіі прывядзе да поўнай міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

“Мы заклікаем нашых заходніх партнёраў перагледзець бягучы постфактумны падыход да санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і перайсці да прэвентыўных, папераджальных мер. Замест рэагавання на рэпрэсіі і агрэсіўныя крокі, якія ўжо адбыліся, санкцыі павінны стрымліваць і пазбаўляць рэжым рэсурсаў да таго, як ён зможа рэпрэсаваць і прыгнятаць грамадства, узмацняць сваю ваенна-прамысловую інтэграцыю з агрэсарам, а галоўнае да таго як ён зможа здзейсніць новы паўнавартасны акт агрэсіі ў дачыненні да суседзяў Беларусі“, — адзначаюць аўтары дакладу.

Канкрэтныя санкцыйныя меры, якія яны прапануюць, не называюцца — гэтая частка дакумента наўмысна зафарбаваная чорным колерам.

Акрамя санкцый адзначаецца неабходнасць “падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і незалежных структур”.

У якасці доказу таго, што Беларусь мілітарызуецца, прыведзена тое, што законы аб ваенным і надзвычайным становішчы “адаптаваныя для ўмоў узброенага канфлікту“, прыняты шэраг стратэгічных дакументаў, якія дапускаюць удзел Беларусі ў ваенных дзеяннях па ініцыятыве саюзніка — Расіі.

“Беларускае войска ўзмацняецца колькасна і арганізацыйна, ствараецца народнае апалчэнне, — адзначана ў дакуменце. — Пашыраны паўнамоцтвы ваенкаматаў, укараняюцца лічбавыя метады мабілізацыі. Армія таксама становіцца інструментам ўнутранага кантролю. Грамадзянская эканоміка пераходзіць на ваенныя рэйкі: мабілізацыйныя функцыі замацаваны за Міністэрствам эканомікі. Дзяржбюджэт рэзка павялічвае ваенныя выдаткі, ўводзяцца элементы каманднай эканомікі. Ваенна-прамысловы комплекс становіцца сістэмаўтваральным сектарам. Паскорана мадэрнізуецца стратэгічная інфраструктура і павышаецца ўзровень лагістычнай гатоўнасці да маштабных баявых дзеянняў“.

Падкрэсліваецца, што ваеннае ўзаемадзеянне з Расіяй дасягае “ўзроўню поўнай інтэграцыі”: праводзяцца сумесныя вучэнні, створана адзіная рэгіянальная групоўка войскаў. Беларусь, як заяўлена, прадастаўляе сваю тэрыторыю для расійскіх вайскоўцаў, уключаючы ядзерныя аб’екты, а само беларускае войска фактычна “ўключанае ў расійскую вайсковую інфраструктуру“. Рэжым Лукашэнкі “праводзіць маштабную мілітарызацыю свядомасці праз прапаганду, адукацыю і культуру“.

Беларуская эканоміка, на думку аўтараў дакумента, фактычна пераводзіцца на рэйкі мабілізацыйнага планавання. У шэрагу галін назіраецца “мілітарызацыя вытворчых працэсаў, павелічэнне вытворчых магутнасцяў, узмацненне кантролю за працоўнай дысцыплінай і доступам да сыравіны”; ўводзяцца абмежаванні на перамяшчэнні спецыялістаў і павышаецца сакрэтнасць на ключавых прадпрыемствах.

У дакладзе прыведзены даныя Міністэрства абароны: на ўзбраенне ў 2024 годзе было прынята каля 4 тыс. адзінак новых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі і дапаможнага абсталявання. У 2025 годзе пачата серыйная вытворчасць новых узораў. Развіваецца вытворчасць боепрыпасаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Пры гэтым беларускі ВПК, як заяўлена, “глыбока інтэграваны ў расійскую абаронную прамысловасць”: пастаўляе камплектуючыя, тэхніку і праграмнае забеспячэнне.

Адзначаецца, што ў 2022 годзе рэжымы Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна не сталі задзейнічаць Узброеныя сілы Беларусі з прычыны негатоўнасці, аднак цяпер ступень гатоўнасці “значна ўзрасла“.

“Гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі ўжо патэнцыйна гатовы да наступнай фазы — уступлення ў вайну. Тым не менш гэта не азначае, што падзеі будуць развівацца менавіта па гэтым сцэнары“, — адзначаюць АПК і НАУ.

Аўтары дакладу падкрэслілі, што меры “неабходна прымаць хутка“, паколькі “акно магчымасцяў для ціску імкліва звужаецца“.

Падзяліцца: