Мінск 04:20

Ціханоўская спадзяецца на супрацу з Наўроцкім “дзеля свабоднай Беларусі і бяспечнай Польшчы” (дапоўнена)

Абраны прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі
Відэа: Telewizja Republika / стоп-кадр: "Позірк"

дададзеныя абзацы 3–6

2 чэрвеня, Позірк. “Няхай Польшча заўсёды застаецца моцнай, свабоднай і вернай сваім каштоўнасцям”, — адзначыла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы Караля Наўроцкага з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.

“Мы разлічваем на супрацу дзеля свабоднай Беларусі і бяспечнай Польшчы”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У сваім тэлеграм-канале Ціханоўская адзначыла, што пільна сачыла за тым, як праходзілі выбары ў Польшчы, і “шчыра захаплялася”. На яе думку, палякі зладзілі “празрысты палітычны працэс, дзе кожны голас меў вагу, улічваліся меркаванні кожнага чалавека, медыя свабодна асвятлялі не толькі вырашальны дзень барацьбы паміж Каралем Наўроцкім і Рафалам Тшаскоўскім, але і ўвесь электаральны перыяд”. 

“Менавіта такія выбары — гэта тое, за што мы адвакатуем, — падкрэсліла дэмлідар. — Тое, што мы бачым асновай для дэмакратычнай Беларусі. Польшча паказала прыклад, як павінна насамрэч працаваць выбарчая сістэма: разнастайныя кандыдаты ў першым туры, дзе кожная катэгорыя грамадзян мае свайго прадстаўніка і свой голас, які не перапыняюць, адкрытыя дэбаты, сумленная палітычная канкурэнцыя. Тут лічаць галасы да апошняй сотай працэнта і не баяцца змены ўлады, нават калі спаборнічаюць палітычныя апаненты з прынцыпова рознымі поглядамі”.

На думку Ціханоўскай, гэтыя выбары “паказалі рэкордную яўку для Польшчы”, бо людзі “ведалі, што іх голас не скрадуць, не падробяць, не выкінуць у сметніцу”. “Але няма сумневаў: на першых сапраўды дэмакратычных выбарах прэзідэнта ў Беларусі гэты адсотак будзе яшчэ вышэйшы”, — упэўненая яна.

“Мае шчырыя віншаванні Каралю Наўроцкаму! Я ўпэўненая, што разам з абраным прэзідэнтам Польшчы мы пабудуем такія ж моцныя і плённыя стасункі. Польшча заўсёды разумела нас, падтрымлівала ў цяжкія часы — і я спадзяюся, што мы гэтае партнёрства ўмацуем”, — падсумавала палітык.

Паводле даных Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы, у другім туры прэзідэнцкіх выбараў 1 чэрвеня прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці Наўроцкі набраў 50,89% галасоў выбаршчыкаў (пры яўцы 71,7%), яго апанент мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі — 49,11%.

Адметна, што большасць грамадзян Польшчы, якія галасавалі на выбарчым участку ў Мінску, падтрымала Тшаскоўскага. У другім туры са 108 выбаршчыкаў за яго аддало свой голас 57 (52,78%), за Наўроцкага — 51 (47,22%).

Падчас перадвыбарнай кампаніі 42-гадовы кансерватар Наўроцкі пазіцыянаваў сябе як абаронцу традыцыйных польскіх каштоўнасцяў. Еўраскептык, падтрымлівае амерыканскіх кансерватараў, у тым ліку прэзідэнта Дональда Трампа.

Наўроцкі будзе займаць пасаду кіраўніка дзяржавы на працягу 5 гадоў, кантралюючы абарону і знешнюю палітыку, маючы права вета на заканадаўчыя акты.

Падзяліцца: