Мінск 09:44

Лукашэнка 4 чэрвеня абмяркуе з Сі Цзіньпінам тэхналагічную мадэрнізацыю беларускай прамысловасці

Лукашэнка ў Пекіне (3 чэрвеня 2025 года)
Відэа: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы палітыка / стоп-кадр: "Позірк"

3 чэрвеня, Позірк. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам адбудзецца 4 чэрвеня. Пра будучую сустрэчу беларускі палітык паведаміў 3 чэрвеня ў Пекіне.

На відэазапісе, апублікаваным у неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы, не паказана, каму канкрэтна госць пра гэта кажа. У паведамленні на сайце палітыка адзначана, што гэта было на сустрэчы з “прадстаўнікамі кітайскіх дзелавых колаў”.

“Адно з асноўных пытанняў — гэта машынабудаўнічая галіна і тэхналагічная мадэрнізацыя асобных напрамкаў прамысловасці ў Беларусі, — сказаў Лукашэнка пра будучыя перагаворы з кіраўніком КНР. — Гэта не мне належыць цудоўная ідэя, што вельмі патрэбная нашай эканоміцы сёння. Гэта ідэя старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна, які і ў Кітаі, як мы бачым (у свеце гэта ведаюць, мы — тым больш), скіраваны на навукова тэхнічную, скажам нават, рэвалюцыю ў машынабудаванні”.

“Вы ведаеце, я вельмі ўдзячны свайму сябру і калегу, даўняму сябру, за тое, што ён падключыў Беларусь да гэтага працэсу, які ў Кітаі набраў вельмі высокія тэмпы — тэмпы мадэрнізацыі і высокага ўзроўню вытворчасці”, — дадаў спікер.

Лукашэнка наведвае Кітай 2–4 чэрвеня. У першы дзень візіту яго прэс-служба паведаміла, што на перагаворах з Сі Цзіньпінам плануецца абмеркаваць “стан і перспектывы развіцця беларуска-кітайскіх стасункаў, іх максімальнае напаўненне практычным зместам за кошт рэалізацыі сумесных праектаў і прасоўвання шматбаковых ініцыятыў”. Акрамя таго, бакі, як чакаецца, закрануць “пытанні міжнароднай супрацы”.

Папярэдні раз Лукашэнка наведваў КНР 3–4 снежня 2023 года.

Падзяліцца: