Мінск 20:02

У Мазырскім раёне шпіталізавана 9-гадовае дзіця з апёкамі, атрыманымі двума днямі раней

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

8 чэрвеня, Позірк. Аб шпіталізацыі ў Мазырскім раёне (Гомельская вобласць) дзяўчынкі 2016 года нараджэння паведамляецца ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзначаецца, што інфармацыя аб шпіталізацыі паступіла ў ведамства 7 чэрвеня ў 22:25.

У дзіцяці “апёкі 1–3 ступені”, яны атрыманыя 5 чэрвеня “ад успышкі газапаветранай сумесі ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры выкарыстанні аэразольнага балончыка ад дэзадаранта ў двары прыватнага жылога дома ў аграгарадку Барбароў”, гаворыцца ў зводцы.

Акрамя гэтага, за суткі было шпіталізавана пяць чалавек, пацярпелых ад агню, адзін чалавек загінуў.

Мужчына 1977 г.н. сканаў на пажары ў вёсцы Гіравічы Валожынскага раёна (Мінская вобласць).

Паводле звестак МНС, з пачатку года ў краіне здарыліся 3.254 пажары — на 26,6% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (2.570). Загінула 309 чалавек (+19,8%; 258).

Як раней адзначаў “Позірк“, МНС маніпулюе заесткамі аб смяротнасці на пажарах. Напрыклад, пра 300 загінулых у пажарах ведамства паведаміла 1 чэрвеня. Разам з тым пра такую ж колькасць ахвяр інфармацыя з’явілася яшчэ 28 траўня. Пры тым што, паводле звестак ведамства, з 28 траўня па 1 чэрвеня на пажары загінуў адзін чалавек, агульная колькасць памерлых не змянілася. З 300 да 299 колькасць ахвяр была зменена на сайце МНС 31 траўня.

У траўні “Позірк” таксама звяртаў увагу на прыніжэнне статыстыкі смяротнасці на пажарах у зводках МНС. Папярэдні раз такое было два тыдні таму. У зводцы, апублікаванай 16 траўня, адзначалася, што з пачатку года на пажарах загінула 282 чалавекі. На наступны дзень Міністэрства адрапартавала аб адным загінуўшым за суткі, аднак у абагульненай табліцы значылася не 283 ахвяры, а 281.

Падзяліцца: