Мінск 21:10

Рассельгаснагляд не прапусціў у Беларусь 18 тон агуркоў

Фота: Рассельгаснагляд

9 чэрвеня, Позірк. Аб спыненні ўвозу ў Беларусь з тэрыторыі Бранскай вобласці (РФ) 18 тон агуркоў паведамляе Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляд).

Груз перавозіўся ў аўтамабілі “ў суправаджэнні несапраўднага фітасанітарнага сертыфіката, закліканага пацвердзіць бяспеку прадукцыі ў фітасанітарных адносінах і яе адпаведнасць патрабаванням краіны-атрымальніка”.

“Груз вернуты адпраўніку. Вінаватая асоба прыцягнутая <…> да адміністрацыйнай адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

На апублікаваным фота бачна, што агуркі перавозіліся ў аўтамабілі з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі.

31 траўня Рассельгаснагляд не прапусціў у РФ тры партыі беларускай малочнай прадукцыі агульнай вагой 3,9 тоны. Заяўлялася, што сметанковае масла і стэрылізаванае пітное малако везлі без “суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку і паходжанне тавараў”.

20 траўня паведамлялася, што супрацоўнікі ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях прадухілілі нелегальныя пастаўкі ў Расію мясных і малочных прадуктаў з Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, ад пачатку года ў Беларусь вернута больш за 10 т рознай жывёлагадоўчай прадукцыі.

6 траўня паведамлялася пра затрыманне ў Пскоўскай вобласці 1,8 т гатовай мясной прадукцыі — сардэлек з цяляцінай, якія з Беларусі ў РФ перавозілі з парушэннем ветэрынарна-санітарных правілаў.

21 красавіка ў гэтым жа рэгіёне спынілі фуру, што рухалася з Беларусі, у якой знаходзілася больш за 20 тон аўстралійскай серыяёлы (разам з некаторымі іншымі відамі рыбы вядомая пад зборнай назвай “алейная рыба”), вырабленай прадпрыемствам з Новай Зеландыі (тавар, як сцвярджалася, знішчылі).

20 сакавіка паведамлялася, што віцебскія мытнікі спынілі спробу вывазу ў РФ 13 т ахалоджанага ласося коштам амаль 900 тыс. рублёў. Згодна з дакументамі, у грузавіку мусілі быць ванільныя сушкі.

6 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў пра спробу вывазу з Беларусі ў РФ буйной партыі ахалоджанага ласося. Парушэнне патрабаванняў транспартавання рыбнай прадукцыі было зафіксаванае гомельскімі мытнікамі “пры правядзенні адмысловых мерапрыемстваў паблізу беларуска-расійскага ўчастка мяжы”.

Падзяліцца: