Мінск 08:17

Рассельгаснагляд арыштаваў фуру, што транспартавала з Беларусі партыю рыбы сямейства ласасёвых

Фота: Рассельгаснагляд

13 чэрвеня, Позірк. Пра выяўленне “рыбы ласасёвых парод невядомага паходжання”, якую транспартавалі з Беларусі, паведаміла прэс-служба ўпраўлення Федэральнай службы Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях.

Груз быў знойдзены 12 чэрвеня падчас надгляду грузавіка ў пункце пропуску Красная Горка (з беларускага боку — Краснае) на трасе М1 у Смаленскай вобласці РФ. Згодна з ветэрынарным сведчаннем, накладной, а таксама сертыфікатам якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, у машыне павінна было знаходзіцца 20 тоны замарожанага мяса і субпрадуктаў птушкі, вырабленых Гомельскай птушкафабрыкай.

Аўтамабіль з прадукцыяй арыштаваны, а “вінаватая асоба будзе прыцягнутая да адказнасці”. Пасля праверкі нелегальна ўвезены груз, як сцвярджаецца, “трапіць пад знішчэнне як прадукцыя невядомага паходжання”.

“Да высвятлення ўсіх абставін будуць прыпыненыя пастаўкі ў Расію мясапрадукцыі з Гомельскай птушкафабрыкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

31 траўня Рассельгаснагляд не прапусціў у РФ тры партыі беларускай малочнай прадукцыі агульнай вагой 3,9 т. Заяўлялася, што масла і стэрылізаванае пітное малако везлі без “суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку і паходжанне тавараў”.

20 траўня паведамлялася, што супрацоўнікі ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях прадухілілі нелегальныя пастаўкі ў Расію мясных і малочных прадуктаў з Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, ад пачатку года ў Беларусь вернута больш за 10 т рознай жывёлагадоўчай прадукцыі.

6 траўня паведамлялася пра затрыманне ў Пскоўскай вобласці 1,8 т гатовай мясной прадукцыі — сардэлек з цяляцінай, якія з Беларусі ў РФ перавозілі з парушэннем ветэрынарна-санітарных правілаў.

21 красавіка ў гэтым жа рэгіёне спынілі фуру, што рухалася з Беларусі, у якой знаходзілася больш за 20 тон аўстралійскай серыяёлы (разам з некаторымі іншымі відамі рыбы вядомая пад зборнай назвай “алейная рыба”), вырабленай прадпрыемствам з Новай Зеландыі (тавар, як сцвярджалася, знішчылі).

20 сакавіка паведамлялася, што віцебскія мытнікі спынілі спробу вывазу ў РФ 13 т ахалоджанага ласося коштам амаль 900 тыс. рублёў. Згодна з дакументамі, у грузавіку мусілі быць ванільныя сушкі.

6 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведамляў пра спробу вывазу з Беларусі ў РФ буйной партыі ахалоджанага ласося. Парушэнне патрабаванняў транспартавання рыбнай прадукцыі было зафіксаванае гомельскімі мытнікамі “пры правядзенні адмысловых мерапрыемстваў паблізу беларуска-расійскага ўчастка мяжы”.

Падзяліцца: