Мінск 10:25

Рублёвая грашовая маса вырасла ад пачатку года больш чым на траціну — Нацбанк

Фота: tut.by

13 чэрвеня, Позірк. Сума наяўных грошай у абарачэнні (агрэгат М0) на 1 траўня 2025 года склала 12 млрд 746,8 млн рублёў і павялічылася з пачатку года на 890,5 млн рублёў (на 1 студзеня — 11 млрд 856,3 млн; +7,5%), паведамляе Нацыянальны банк.

Пераводныя дэпазіты ад пачатку года сталі болей на 7,6% — з 15 млрд 29,4 млн да 16 млрд 173,1 млн рублёў.

Наяўныя грошы ў абарачэнні і пераводныя дэпазіты ў нацыянальнай валюце (М1) павялічыліся на 18% — з 24 млрд 504 млн да 28 млрд 920 млн рублёў.

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася з 40 млрд 238,2 млн да 54 млрд 771,2 млн (+36,1%); рублёвая грашовая маса (М2*) — з 41 млрд 988,5 млн да 57 млрд 13,2 млн (+35,8%); шырокая грашовая маса (М3) — з 75 млрд 668,5 млн да 90 млрд 961,5 млн (+20,2%).

За 2024 год М0 вырас на 25,1% (за 2023-ты — на 37,44%), М1 — на 19,9% (33,85%), М2 — на 34,3% (29,8%), М2* — на 28,6% (34,73%), М3 — на 17,3% (23,56%).

7 жніўня 2024 года тагачасны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што “так званыя эксперты палохаюць перагрэвам эканомікі”. “З таго боку ўсе эканамічныя навіны падаюцца выключна ў негатыўным ключы, у разліку на людзей, якія не вельмі разбіраюцца ў эканамічных мадэлях”, — сказаў ён.

Паводле яго сцвярджэння, у эканоміцы “магло б быць яшчэ больш грошай”, але пакуль урад “не бачыць патрэбы ў дадатковай крэдытнай падтрымцы банкаўскай сістэмы”.

Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка прызначыў Галоўчанку старшынём праўлення Нацыянальнага банка.

У каментарыі “Позірку” кіраўнік Цэнтра Мізеса эканаміст Яраслаў Раманчук заявіў, што пераход Галоўчанкі — чалавека з “нулявымі профільнымі ведамі” — гэта “трагедыя і вельмі трывожны сігнал для тых людзей, якія працуюць у фінансавай сферы”.

“Я б назваў Галоўчанку на пасадзе кіраўніка Нацбанка сурагатам Пятра Пракаповіча (старшыня праўлення рэгулятара ў 1998–2011 гадах. — “Позірк”.). Гэта яшчэ горш. Таму ўсім напружыцца, будзе вельмі нават “весела” для банкаўскай сістэмы і ўсёй эканомікі”, — лічыць эксперт.

27 сакавіка Лукашэнка прызначыў Аляксандра Ягорава першым намеснікам старшыні праўлення Нацбанка, 22 траўня намеснікамі старшыні прызначаныя Андрэй Картун і Дзяніс Скабялка.

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 траўня 2025 года склала 60 млрд 955,6 млн рублёў, сведчаць даныя Нацбанка.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума доўгу на 12,2% большая, чым была на 1 траўня 2024 года (54 млрд 331,9 млн рублёў), і на 3,4% большая, чым на 1 студзеня 2025-га (58 млрд 952,8 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць на 1 траўня склала 971,5 млн рублёў (рост у 5,8 раза ў гадавым вымярэнні). На 1 студзеня яна складала 733,5 млн рублёў (+32,4%).

Падзяліцца: