Мінск 22:14

Эскалацыя на Блізкім Усходзе можа “развязаць рукі” РФ для правакацый з Беларусі, лічыць прадстаўнік АПК

Архіўнае фота: АПК

13 чэрвеня, Позірк. Адцягванне ўвагі ЗША — “ключавога саюзніка Украіны” — на Блізкі Усход можа “выклікаць рэакцыю з боку Расіі, развязаць ёй рукі для нарошчвання эскалацыі” ў еўрапейскім рэгіёне, такое меркаванне выказаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук.

На яго думку, якую прыводзіць прэс-служба АПК, Масква можа выкарыстаць сітуацыю “для магчымых правакацый і праекцыі сілы на іншыя краіны — у тым ліку краіны Еўрасаюза з тэрыторыі Беларусі”.

“Мы ведаем, што амаль палова замежнай дапамогі для падтрымкі Украіны пастаўляецца менавіта з боку ЗША. Цяпер, калі на Блізкім Усходзе ідзе вайна, відавочна, што частка гэтай дапамогі будзе пераарыентаваная туды, на гэты кірунак. Пра гэта ўжо была заява амерыканскага кіраўніцтва”, — адзначыў Кабанчук.

Паводле слоў прадстаўніка АПК, “асноўная небяспека” канфлікта на Блізкім Усходзе “палягае ў тым, што дзве краіны, якія ўцягнуліся ў вайну паміж сабой, валодаюць ядзернай зброяй”. “Ізраіль — гэта ўжо, так бы мовіць, сакрэт Палішынеля, што ў яго ёсць ядзерная зброя. Іран, відавочна, наблізіўся да валодання ёй, вырабіў некаторыя ядзерныя зарады, што і справакавала ўдар Ізраіля па ім”, — гаворыцца ў каментарыі.

Глыбокую занепакоенасць у сувязі з “новым вітком ваеннай эскалацыі паміж Ізраілем і Іранам і паведамленнямі пра гібель мірных грамадзян, у тым ліку дзяцей”, выказала 13 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У ведамстве лічаць, што “сілавы сцэнарый канфлікту прадстаўляе сур’ёзную пагрозу для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі, нясе ў сабе рызыку гуманітарнай катастрофы і можа мець непрадказальныя глабальныя наступствы”.

У сувязі з гэтым Мінск заклікаў “усе ўцягнутыя бакі да стрыманасці, адказнасці і недапушчэння дзеянняў, якія могуць негатыўна паўплываць на палітыка-дыпламатычныя намаганні міжнароднай супольнасці, скіраваныя на комплекснае ўрэгуляванне сітуацыі на Блізкім Усходзе”.

“Настойліва рэкамендуем грамадзянам Беларусі ўлічваць сітуацыю, якая складваецца, старанна ўзважваць неабходнасць паездак у краіны, што ўваходзяць у зону канфлікту, пры планаванні такіх паездак адсочваць афіцыйныя апавяшчэнні авіяцыйных уладаў пра магчымае ўвядзенне абмежаванняў на выкарыстанне паветранай прасторы шэрагу краін, а таксама пра прыпыненне працы аэрапортаў”, — гаворыцца ў заяве.

“Грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца ў рэгіёне, заклікаем строга выконваць меры бяспекі і кіравацца рэкамендацыямі ўладаў краіны знаходжання”, — дадало знешнепалітычнае ведамства.

Раней амбасада Беларусі ў Тэль-Авіве заклікала суграмадзян не планаваць паездкі ў Ізраіль у сувязі з абвешчаным у краіне надзвычайным становішчам і “меркаваным ажыццяўленнем у найбліжэйшы час ваенна-паветраных атак па тэрыторыі Ізраіля”.

У паведамленні на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” беларуская замежная ўстанова звярнула ўвагу на тое, што паветраная прастора Ізраіля і міжнародны аэрапорт Бэн-Гурыён закрыты.

“Беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца цяпер на тэрыторыі Ізраіля, неабходна выконваць рэкамендацыі мясцовых уладаў і прытрымлівацца правілаў асабістай бяспекі, у тым ліку знаходзіцца побач з бамбасховішчамі, устрымлівацца ад перамяшчэнняў”, — папярэдзіла амбасада, адзначыўшы, што яна “цалкам функцыянальная і працуе ў штатным рэжыме”.

У ноч на 13 чэрвеня сілы ВПС Ізраіля напалі на мноства аб’ектаў на тэрыторыі Ірана — для нанясення крытычнай шкоды ядзернаму і ракетнаму патэнцыялу краіны. Былі атакаваныя ядзерныя аб’екты, ракетныя базы, авіябазы, сістэмы супрацьпаветранай абароны, камандныя пункты, а таксама нанесеныя кропкавыя ўдары па вайсковым кіраўніцтве і асобах, якія маюць дачыненне да развіцця іранскай ядзернай праграмы.

У адказ Іран запусціў у бок Ізраіля беспілотныя лятучыя апараты. Згодна з паведамленнямі ізраільскіх СМІ, усе яны ўжо перахопленыя.

Удзень 13 чэрвеня з’явіліся паведамленні пра тое, што Ізраіль аднавіў удары па ядзерным аб’екце ў горадзе Натанз і вайсковых аб’ектах у іншых месцах Ірана.

Падзяліцца: